“Нават бензапіла дрэнна заводзіцца”: якасць паліва ўпала ці “вам падалося”?

“Нават бензапіла дрэнна заводзіцца”: якасць паліва ўпала ці “вам падалося”?

Заправіў аўтамабіль як звычайна, а праехаў на ім значна меней. Апошнія два тыдні ў інтэрнэце можна знайсці процьму падобных скаргаў ад беларускіх кіроўцаў. 

“Нават бензапіла дрэнна заводзіцца”: якасць паліва ўпала ці “вам падалося”?

“Звычайна выходзіла на 10 літрах праехаць 100 кіламетраў, а ў нейкі момант запраўляюся — і праехаў 61 кіламетр да той адзнакі, калі трэба запраўляцца зноў, — расказвае Еўрарадыё жыхар Шклова Дзмітрый Антончык. — Знаёмыя кажуць тое ж самае: недзе ў сярэднім выходзіць на 30% расход большы”.  

Сам Дзмітрый карыстаецца 95-м бензінам. Запраўляецца на адзінай запраўцы ў Шклове — АЗС №16 “Беларуснафта”: “Гэты ж 95-ы бензін залілі ў бензапілу, дык нават яна пачала дрэнна заводзіцца. Нейкая праблема дакладна ёсць — і гэта не з аўтамабілем, а дакладна з палівам”.

Сябры мужчыны з іншых гарадоў Магілёўшчыны таксама кажуць пра рэзкае павелічэнне расходу паліва. На праблему скардзяцца і ўладальнікі аўтамабіляў з дызельным рухавіком. 

Усе гэтыя размовы на фоне скарачэння паставак нафты з Расіі і недазагрузкі беларускіх НПЗ выглядаюць падазрона. Што адбываецца — у Беларусі пачалі прадаваць няякаснае паліва?

З разраду "мне падалося”

Ананімны адмін спецыялізаванага тэлеграм-канала zapraukaby кажа, што тэма якасці беларускага паліва абмяркоўваецца ў сацсетках і на форумах пастаянна. Аднак далей за размовы справа звычайна не ідзе.

“Абвінавачванне сетак АЗС або нейкай асобнай станцыі ў продажы няякаснага паліва — гэта вельмі сур'ёзна. Мы рэкамендуем кіроўцам, у якіх ёсць сумневы, не толькі выказваць свой гнеў у інтэрнэце, а абавязкова захаваць чэк і звярнуцца ў органы стандартызацыі. Напрыклад, з заявай аб праверцы паліва.

У нашай краіне дзейнічае спецыяльны тэхнічны рэгламент — ён вызначае паказчыкі, якім павінна адпавядаць маторнае паліва. Калі пасля выпрабаванняў будзе выяўлена разыходжанне ў паказчыках, наступным этапам мусіць быць іск да сеткі АЗС у парадку грамадзянскага судаводства з нагоды продажу няякаснага тавару.

Але на нашу думку, усе гэтыя абмеркаванні — суб'ектыўны падыход асобных кіроўцаў з разраду "мне падалося”. Расход паліва залежыць ад шматлікіх фактараў і ў першую чаргу ад стылю язды”.

Па інфармацыі тэлеграм-канала, падобных зваротаў кіроўцаў і судовых працэсаў у Беларусі пакуль што не было.

Надвор’е, масла, дарогі

“Нават бензапіла дрэнна заводзіцца”: якасць паліва ўпала ці “вам падалося”?

Пра розныя фактары, якія ўплываюць на расход, Еўрарадыё нагадвае і прэс-сакратар “Белнафтахіма” Аляксандр Цішчанка

“Я сам як аўтамабіліст магу сказаць, што гэта можа быць праблема з лямбда-зондам ці манерай язды. Нават проста ўмовы надвор’я ўплываюць! Яшчэ, напрыклад, масла стала нясвежым і пасля 5-6 тысяч кіламетраў узрасла нагрузка на рухавік... Таксама залежыць ад дарог: дзе больш пад гару, а дзе больш на спуск”, — кажа Аляксандр Цішчанка. 

Аднак неяк падазрона, што ўсе гэтыя скаргі на ўзрослы расход паліва рэзка пачалі з’яўляцца ў адзін час. Агучваем гэта спадару Цішчанку.

"Хутчэй за ўсё, сітуацыя стымулюецца не самімі аўтамабілістамі, а нейкімі зацікаўленымі ў гэтай інфармацыйнай хвалі асобамі, — адказвае прэс-сакратар “Белнафтахіма”. — Бруднай нафты ўжо даўным-даўно няма. Яе даўно ўжо перапрацавалі і бензін з яе ўжо ад’ездзілі. Трэба разумець, што перапрацоўка бруднай нафты сапраўды была больш складанай. Аднак бензін на выхадзе быў па ўсіх стандартах. А шматузроўневая праверка якасці ад вытворцы да рэалізатара не дае магчымасці нешта падмяшаць”.

13 проб з васьмі заправак

У “Белнафтахіме” Еўрарадыё раяць азнаёміцца з эксперыментам, які па матывах “плётак пра няякаснае паліва” супрацоўнікі канцэрна правялі разам з журналістамі газеты “Рэспубліка”. Беларускія “разбуральнікі міфаў” узялі пробы паліва на васьмі дзяржаўных і прыватных запраўках і правялі экспертызу.

“Нават бензапіла дрэнна заводзіцца”: якасць паліва ўпала ці “вам падалося”?
sb.by

Спойлер: “13 проб паліва адпавядаюць усім нормам”.

Што праўда, з тэксту незразумела, колькі ўсяго проб эксперыментатары ўзялі. Пра гэта сказана так: “Узоры дызелю і бензіну (АІ-92 і АІ-95) адабралі 2 сакавіка на васьмі запраўках сямі сетак”.

“Нават бензапіла дрэнна заводзіцца”: якасць паліва ўпала ці “вам падалося”?

“Рэспубліка” нідзе не піша, што якаснымі аказаліся ўсе 13 проб. Каб удакладніць гэты момант, мы звярнуліся да аўтара тэксту Паліны Канога

Журналістка расказала Еўрарадыё, што ўсяго для эксперымента ўзялі 13 проб. Нагадаем, у ім удзельнічала восем заправак. Атрымліваецца, што на некаторых АЗС было праверана не ўсё паліва, заяўленае ў эксперыменце. Як эксперыментатары вызначалі, з якой запраўкі браць толькі ДТ-3-К5, з якой толькі АІ-95, а з якой — усе тры віды паліва? 

 

— Першапачаткова ў нас [рэдакцыі газеты “Рэспубліка”. — Еўрарадыё] таксама было сваё бачанне, як рабіць. Але яго карэктаваў канцэрн [“Белнафтахім”], — кажа Паліна Канога.

— То-бок вам канцэрн забараніў браць на кожнай запраўцы па тры пробы? 

— У нас увогуле не было ідэі з кожнай запраўкі ўзяць па тры пробы. Гэта было выключна выбарачна, то-бок колькі ўзялі — столькі і ўзялі.  

— Але для чысціні эксперымента трэба было б ахапіць большы аб’ём проб…

— Ну, магчыма і так...  

Цікава і тое, што аналізам паліва займалася выпрабавальная лабараторыя “Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка”. Нагадаем, што Дзмітрый са Шклова скардзіўся на бензін менавіта з запраўкі “Беларуснафты”.

Яшчэ адзін спойлер: “Беларуснафта” — дзяржаўнае прадпрыемства, а газета “Рэспубліка” — дзяржаўнае выданне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі