Навобмацак: у Мінску ўвосень адкрыецца масаж-бар з невідушчымі спецыялістамі

Масаж невідушчых / архіў
Масаж невідушчых / архіў

"Пачала вывучаць тэму і даведалася, што ў старажытным Кітаі людзі з парушэннем зроку былі найлепшымі масажыстамі. Лічыцца, што невідушчыя маюць большую тактыльнасць; у іх добра развітое пачуццё дотыку і проста чароўныя рукі", — расказвае Еўрарадыё Лізавета Панамарова, якая працуе ў кампаніі Wargaming.

Увосень дзяўчына збіраецца адкрыць інклюзіўны масаж-бар Zizz, дзе будуць працаваць людзі з парушэннем зроку. На яго базе плануецца арганізаваць курсы масажу для невідушчых людзей.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Лізавета расказвае, адкуль узнікла такая ідэя і чым цікавы праект.

На ощупь: в Минске осенью откроется массаж-бар с незрячими специалистами
Каманда Zizz / архіў

Масаж у стылі "міма праходзіў"

"Я вельмі люблю масаж і хацела б, каб у Беларусі працэдуру можна было атрымаць не толькі ў спа-салонах і паліклініках, але і ў гандлёвых цэнтрах, аэрапорце, на вулічных фестывалях і гэтак далей, — кажа суразмоўніца. — Гаворка ідзе пра так званы хуткі, або экспрэс-масаж, калі не трэба раздзявацца, хадзіць у душ, а потым змываць з валасоў і цела алей. Дастаткова ўладкавацца на спецыяльнае артапедычнае крэсла, і майстар прамасіруе зоны, у якіх чалавек адчувае напружанне.

Такі масаж у стылі "міма праходзіў" вельмі распаўсюджаны за мяжой. Знаходзячыся ў дэкрэце, я стала шукаць, ці няма чагосьці падобнага ў Беларусі, але нічога не знайшла. Тады падумала, а чаму б не паспрабаваць заняцца развіццём такога віду дзейнасці ў Мінску. Патрэбныя крэслы знайшліся толькі ў адным салоне. Там мне расказалі, што яны закупляліся для масажу цяжарных кліентак, але папулярнасцю паслуга не карыстаецца".

 

Невідушчая масажыстка, якая працуе на заводзе

Аднойчы на вочы Лізавеце трапілася відэа пра невідушчую дзяўчыну Іну Новік, якая асвоіла масаж у гродзенскім медкаледжы, але працуе на заводзе, дзе вырабляюць разеткі. Менавіта яна натхніла Лізавету адкрыць у Мінску студыю экспрэс-масажу, у якой маглі б працаваць спецыялісты з парушэннямі зроку.

На ощупь: в Минске осенью откроется массаж-бар с незрячими специалистами
Так выглядаюць крэслы для экспрэс-масажу / архіў

Дзяўчаты стэлефанаваліся і дамовіліся працаваць над праектам разам. Пазней да каманды далучылася яшчэ адна невідушчая масажыстка Хрысціна Давыдзенка. Ад іх Лізавета даведалася, што ў Беларусі няма курсаў, дзе невідушчыя маглі б навучыцца масажу, не атрымліваючы спецыяльнай адукацыі. Лізавета задумала развязаць і гэту праблему.

“Навучыцца класічнага масажу можна хутчэй, чым за два гады ў каледжы, — лічыць суразмоўніца. — Далей трэба працаваць і ў працэсе ўдасканальваць навыкі. Але калі справа датычыцца невідушчых, неабходна адмысловая методыка. Тут не дапамогуць ні карцінкі, ні пісьмовыя матэрыялы. Патрэбныя аўдыяканспекты і трэнер, які ўкладзе далонь невідушчага чалавека ў сваю і будзе накіроўваць руку па спіне "кліента". Праз інстаграм я звязалася са школай масажу "Яснасць", і выявілася, што іх кіраўнік даўно хацеў навучаць масажу людзей, якія не бачаць, даючы ім зніжкі ці нават бясплатна".

Навучанне невідушчых масажыстаў пакуль не пачалося, але на курсы ўжо запісалася дзевяць чалавек. Лізавета спадзяецца, што з іх дапамогай будуць падрыхтаваныя спецыялісты не толькі для яе праекта. Каманда збіраецца стаць першапраходцамі ў сферы і папулярызаваць свае паслугі па ўсёй Беларусі.

На ощупь: в Минске осенью откроется массаж-бар с незрячими специалистами
Іна, Хрысціна і Лізавета / архіў

Глабальная місія такая: растлумачыць усім, што невідушчых трэба браць на працу не таму, што яны інваліды, якіх трэба пашкадаваць, а таму, што ў сферы масажу яны могуць быць круцейшыя за іншых спецыялістаў — карацей, стварыць канкурэнцыю.

 

Якім будзе інклюзіўны масаж-бар Zizz? 

"Мне хацелася б, каб гэта было модна і прыгожа, а не ў стылі "дапамажыце інваліду", — кажа Лізавета.

Па яе словах, у ідэале інклюзіўны масаж-бар Zizz — гэта сучасная хіпстарская студыя ў гандлёвым цэнтры з вялікай праходнасцю. У яе можна будзе зайсці пасля напружанага працоўнага дня або ў перапынку паміж здзяйсненнем пакупак.

На ощупь: в Минске осенью откроется массаж-бар с незрячими специалистами
Працэс / архіў

Каб адцягнуць увагу кліентаў ад шуму гандлёвага цэнтра, ім будуць прапаноўваць слухаць аўдыякнігі. Напрыклад, можна будзе набыць падарункавы сертыфікат на двухгадзінны сеанс і твор Уладзіміра Караткевіча. Слухаць адразу ўсё не абавязкова, паслугу можна будзе разбіць на некалькі наведванняў.

На ощупь: в Минске осенью откроется массаж-бар с незрячими специалистами
Масажу зашмат не бывае / архіў

"Фізічна студыі пакуль што няма, але мы ўжо паспелі прадэманстраваць экспрэс-масаж ад невідушчых спецыялістаў на фестывалі Vulitsa Ezha. Крэслы нам даў той самы адзіны салон, дзе яны ёсць.

За два дні Іна і Хрысціна прынялі каля 70 чалавек. Рэакцыя была самая станоўчая. Многія пыталіся, як да нас трапіць і дзе наш масаж-бар. Пакуль што вядуцца перамовы з гандлёвымі цэнтрамі. Чакаем восені".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі