Навукоўцы NASA запісалі гук ветру на Марсе
Навукоўцы NASA апублікавалі запіс шуму ветру з Марса. Гэта першае ў гісторыі аўдыё, атрыманае з чырвонай планеты. Гукі зафіксавалі датчыкі на касмічным зондзе InSight, які сеў на паверхню Марса ў лістападзе.
На запісе чуваць гук ветру, мяркуецца, што яго хуткасць складае 5-7 метраў за секунду.
NASA апублікавала тры варыянты запісу. Першы — неапрацаваны, такі, якім яго ўспрынялі датчыкі зонда. Другі — гук падняты на дзве актавы, каб чалавечае вуха лепей яго чула. Трэці — запіс з аднаго з датчыкаў, паскораны ў 100 разоў, што павялічвае частату.
Касмічны апарат InSight павінен прабыць на Марсе тры гады. Ён мусіць назіраць за працэсамі, якія праходзяць у нетрах планеты.