Не газ, дык золата: ЕС адмаўляецца ад расійскага каштоўнага металу і ювеліркі
Золата — галоўны экспартны артыкул Расіі пасля энерганосьбітаў / pixabay
Еўрапейскі Саюз пагадзіўся забараніць імпарт расійскага золата, піша "Еўраньюс". Пад санкцыі трапляюць таксама і ювелірныя вырабы.
Раней Вялікабрытанія, ЗША, Канада і Японія дамовіліся забараніць імпарт расійскага золата. Такая дамоўленасць была дасягнутая на сустрэчы "Вялікай сямёркі" ў Германіі. Тады Вялікабрытанія заяўляла, што гэтая мера "нанясе ўдар у самае сэрца пуцінскай вайсковай машыны", бо золата з'яўляецца значным экспартным таварам для Крамля, пісала ВВС. Экспарт золата з Расіі ў 2021 годзе склаў больш за 15 млрд даляраў.
Пасля адмовы Вялікабрытаніі купляць золата ў РФ рашэнне ЕС наўрад ці можна назваць зруйнавальным для расійскай эканомікі. Летась асноўныя аб'ёмы расійскага золата купіла менавіта Вялікабрытанія. Яшчэ 2 мільярды еўра расійскага экспарту золата падзялілі паміж сабой Швейцарыя, Казахстан, Турцыя і Індыя.
Акрамя золата ЕС пагадзіўся замарозіць актывы найбуйнейшага банка Расіі — Сбербанка. Усе транзакцыі паміж Сбербанкам і банкамі краін ЕС будуць забароненыя. Выключэнне складуць фінансавыя аперацыі па гандлі прадуктамі харчавання і ўгнаеннямі, цытуе Reuters афіцыйнага прадстаўніка ЕС.
З 24 лютага ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да шырокага спектру тавараў, якія паступаюць з Расіі, у тым ліку вугалю, марской нафты, гарэлкіу, цэменту, драўніны, морапрадуктаў, ікры і паляўнічага рыштунку. Пад дзеянне санкцый ўсё яшчэ не трапляе расійскі газ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.