Сірыйскі мігрант судзіцца з польскімі памежнікамі, якія вярнулі яго ў Беларусь
Мяжа Польшчы
У ваяводскім судзе Беластока пачаўся разгляд незвычайнай справы. Грамадзянін Сірыі падаў у суд на польскую памежную службу. Мужчына заяўляе, што яго незаконна вярнулі ў Беларусь пасля нелегальнага пераходу мяжы, піша MOST.
З пазову вынікае, што падзеі адбыліся 16 траўня 2023 года. Шасцёра сірыйцаў пералезлі цераз плот на мяжы Беларусі і Польшчы па лесвіцы, якую ім далі беларусы. Мігранты заплацілі за лесвіцу па 100 долараў з чалавека.
Але на польскім баку яны трапіліся памежнікам. Тыя праверылі дакументы і на машыне адвезлі мігрантаў назад да мяжы, дзе прымусілі вярнуцца на беларускі бок. Па словах сірыйца, палякі выкарыстоўвалі газ і "прадмет, які нагадвае палку" і не рэагавалі на словы пра вайну ў Сірыі, ад якой ратаваліся ўцекачы.
Пазней сірыец усё ж такі здолеў трапіць у ЕС, цяпер ён перабывае ў Германіі.
Яго прадстаўнік перадаў суду скрыншоты перапісак з суайчыннікамі, якія мігрант вёў з мяжы. Таксама ў якасці доказаў фігуруюць запісы інтэрнэт-мапаў з каардынатамі, каб даказаць, што ў той дзень сірыец сапраўды перасёк беларуска-польскую мяжу.
Прадстаўнік польскай памежнай службы просіць адхіліць пазоў. Ён заяўляе, што тэрмін падачы пазову ўжо скончыўся. Таксама памежнік кажа, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць змяніць у тэлефоне час і краіну знаходжання.
Суд адклаў разгляд да падачы дадатковых доказаў, што грамадзянін Сірыі сапраўды перасёк польскую мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.