Ні за мяжу не выехаць, ні за руль сесці: Шакуцін — пра санкцыі

Аляксандр Шакуцін / З архіва БЕЛТА
Аляксандр Шакуцін / З архіва БЕЛТА

Старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор" Аляксандр Шакуцін мае намер абскардзіць уключэнне яго ў санкцыйны спіс ЕС. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю "Народнай волі".

Ён прызнаўся, што быў не гатовы ўбачыць сваё прозвішча ў гэтым спісе.

"Для мяне гэта ўсё, як белы снег на галаву, звалілася! Бо ні адной падставы для ўключэння мяне ў падобны спіс няма. Мы гаворым пра прэзумпцыю невінаватасці, а дзе доказы, рашэнне суда? Гэта сведчыць пра тое, што наогул няма прававога поля ў Еўропе", — заявіў Шакуцін.

Ён не выключае, што хтосьці "праплаціў" за тое, каб ён апынуўся ў гэтым спісе, і вельмі эмацыйна адрэагаваў на здагадку, што ён з'яўляецца "кашальком рэжыму". Шакуцін кажа, што ён бізнесовец, і ніколі ні капейкі не даваў ва ўрадзе.

"Не толькі ва ўрадзе, але і прэзідэнту! І самае дзіўнае, што ніхто ніколі ў мяне і не прасіў нічога", — кажа ён.

Пры гэтым уласна санкцыі, па яго словах, гэта яшчэ дробнае. З-за праблем па холдынгу "Салеа", дзе Шакуцін у свой час выступіў гарантам, у яго арыштавалі маёмасць. 

"Банкі падалі ў суд, і я сёння не маю права выехаць за мяжу. Не толькі ў Еўропу, але нават у Расію ці ва Украіну! Я не маю права сесці за руль — так суд вырашыў, у мяне арыштавана маёмасць", — распавёў бізнесмен.

Гэты год яго прадпрыемства "Амкадор" заканчвае, паводле яго слоў, "шыкоўна", паказвае 150% росту. Але што будзе далей, пакуль незразумела. Санкцыі закранаюць і "Амкадор", акцыянерам якога з'яўляецца Шакуцін. Адзіным выйсцем з сітуацыі ён бачыць абскарджванне санкцый. Прэтэнзія ўжо пададзеная ў прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

"Мы лічым, што гэта памылка еўрапейцаў. З чым гэта звязана — мне складана сказаць", — адзначыў Шакуцін.

17 снежня Савет Еўрасаюза зацвердзіў трэці пакет санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі. Пад абмежаванні трапілі яшчэ 29 чалавек, у тым ліку і Шакуцін, і 7 юрыдычных асоб. Раней ЕС унёс у "чорны спіс" 55 чыноўнікаў з кіраўніцтва Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі