Ніводзін дакумент не варты чалавечай свабоды — Ціханоўская пра пашпарты
Святлана Ціханоўская / прэс-служба палітыка
Беларуская дзяржава самаўхілілася з яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца пра сваіх грамадзян. Так Святлана Ціханоўская пракаментавала рашэнне ўладаў не выдаваць беларусам замежжа пашпарты ў дыпмісіях.
"Значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, рызыкуюць застацца без найважнейшага дакумента для легальнага жыцця і працы за мяжой", — канстатавала яна.
Па словах Ціханоўскай, цяпер працягваюцца кансультацыі з тымі краінамі, дзе знаходзяцца беларусы, каб вырашаць праблемы эміграцыі на заканадаўчым і выканаўчым узроўні. "Ужо ў гэтым месяцы мы правядзем кансультацыі з Еўракамісіяй, а таксама я падыму гэтае пытанне перад Еўрапарламентам і падчас Генасамблеі ААН", — дэкларуе палітык.
Таксама яна нагадвае, што Польшча і Літва ўжо цяпер выдаюць беларусам, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, праязныя дакументы — так званы "пашпарт замежніка". Для яго атрымання патрабуецца дазвол на пастаяннае пражыванне, часовае знаходжанне або іншыя дакументы, якія даюць права легальна знаходзіцца ў краіне.
"Мы ведаем пра праблемы з легалізацыяй дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся пасля 2020 года не ў Беларусі, і працуем над іх вырашэннем", — дадае Ціханоўская.
Яна кажа, што праца над прызнаннем пашпарта Новай Беларусі працягваецца, але працэс гэта не хуткі.
"Дарагія беларусы, я прашу вас не паддавацца паніцы і не здзяйсняць неабдуманых учынкаў. Нават калі ваш пашпарт заканчваецца, не варта вяртацца на радзіму, калі вам пагражае пераслед. Бо ніводзін дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды. Галоўнае — паклапаціцеся пра сябе і сваю бяспеку. Бо людзі — гэта галоўная каштоўнасць Беларусі", — падкрэслівае Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.