Ноу-хау ў Windows і ў прымяненні смяротнага пакарання — #ІхНоравы

Кароткі агляд міжнародных навін

Кароткі агляд міжнародных навін / @rubanau_collage

Microsoft і сістэма выканання судовых прысудаў ЗША ўводзіць новыя тэхналогіі. Але ёсць нюанс.

Пра гэта і не толькі — у нашым кароткім аглядзе міжнародных навін.
 

Амерыканца збіраюцца пакараюць смерцю з дапамогай чыстага азоту

Суд штата Алабама (ЗША) дазволіў пакараць смерцю зняволенага Кенэта Сміта з дапамогай азоту. Імаверна, прысуд рэалізуюць у канцы студзеня. Гэта стане першым у краіне пакараннем смерцю з выкарыстаннем гэтага метаду.

Абарона падае апеляцыю. Мэтазгоднасць такога пакарання будзе разглядаць Вярхоўны суд ЗША.

58-гадовы Сміт быў адным з двух мужчын, асуджаных за заказное забойства жонкі прапаведніка ў 1988 годзе. Ён і яшчэ адзін абвінавачаны атрымалі па 1000 долараў за забойства Элізабэт Сэнэт. Заказчыкам быў яе муж. Ён хацеў атрымаць страхавую выплату, каб расплаціцца з даўгамі.

Генеральны пракурор Алабамы Стыў Маршал ухваліў рашэнне суда, заявіўшы, што яно набліжае штат да "прыцягнення Кенэта Сміта да адказнасці за жудаснае забойства на заказ". Зняволены ўнікаў пакарання больш за 35 гадоў.

Метад пакарання азотам прадугледжвае накладанне на нос і рот Сміта маскі кшталту рэспіратара, якая заменіць паветра на газ, што прывядзе да смерці ад недахопу кіслароду. Азотная гіпаксія была дазволеная Штатамі Алабама, Місісіпі і Аклахома. Аднак ніводны са штатаў пакуль яе не ўжываў.

Абарона Сміта заяўляе, што гэты метад парушае канстытуцыйную забарону на жорсткае і незвычайнае пакаранне. У ААН заклікалі ўлады ЗША спыніць запланаванае пакаранне азотным метадам. Эксперты заявілі, што неправераны метад можа прывесці да "жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага для годнасці абыходжання ці нават катаванняў".
 

Разумны “Нататнік”

Microsoft дадала штучны інтэлект у "Нататнік". Раней ШІ інтэгравалі ў Paint і "Нажніцы", а цяпер прыйшоў час адной з найстарэйшых праграм кампаніі.

Ноу-хау ў Windows і ў прымяненні смяротнага пакарання — #ІхНоравы
У абноўленай версіі гэтага інструмента з'явіўся новы пункт Cowriter

У абноўленай версіі гэтага інструмента з'явіўся новы пункт Cowriter ("Суаўтар"): ШІ можна папрасіць перапісаць, скараціць ці, наадварот, зрабіць тэкст даўжэйшым.

Днямі Microsoft адмовілася ад падтрымкі тэкставага рэдактара WordPad, які быў неад'емнай часткай Windows амаль 30 гадоў. Цяпер для працы з тэкстам у сістэме прысутнічаюць толькі "Нататнік" і Microsoft Word.

Пакуль абноўлены "Нататнік" даступны ў папярэдняй зборцы Windows 11, але чакаецца, што з найбліжэйшым абнаўленнем гэтае новаўвядзенне з'явіцца і ў афіцыйнай зборцы. Як мяркуецца, гэта здарыцца ў лютым ці сакавіку 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі