На клавіятурах з’явіцца новая кнопка ўпершыню за 30 гадоў — #ІхНоравы

Традыцыйны агляд сусветных навін

Традыцыйны агляд сусветных навін / @rubanau_collage

Сыходзіць эпоха: Microsoft пачынае выкідаць клавішу “Windows”. Што яе заменіць?

Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
 

Упершыню ў свеце ад птушынага грыпу загінуў белы мядзведзь

На Алясцы белы мядзведзь стаў першым прадстаўніком свайго віду, які загінуў ад птушынага грыпу, таксама вядомага як HBN1.

Жывёліна сілкавалася тушамі мёртвых птушак, заражаных гэтай хваробай, расказаў дзяржаўны ветэрынар Боб Гёрл выданню Alaska Beacon.

Паводле звестак ветэрынарнай службы штата, ад гэтай хваробы загінулі і іншыя віды жывёл у штаце, у тым ліку рудыя лісы і бурыя мядзведзі.

У лістападзе 2023 года даследчыкі з Вялікабрытаніі выявілі, што вірус "можа сігналізаваць пра адну з найбуйнейшых экалагічных катастроф сучаснасці", калі пачне выклікаць масавую смяротнасць у калоніях пінгвінаў.

Спецыялісты ў рэгіёнах, дзе жывуць птушкі, цяпер адсочваюць узровень смяротнасці.
 

На клавіятурах з'явіцца новая кнопка ўпершыню за 30 гадоў

Амаль на ўсіх клавіятурах, у тым ліку клавіятурах ноўтбукаў, упершыню за 30 гадоў з'явіцца новая клавіша. Яна прыйдзе на змену клавішы "Windows", якая размешчаная паміж "Alt" і "Ctrl" і запускае меню "Пуск".

Microsoft упэўненая, што 2024-ы стане "годам ПК са штучным інтэлектам", і пачынае яго з істотнай змены клавіятуры. Гаворка пра зусім новую клавішу, Copilot — яна будзе запускаць аднайменнага ШІ-асістэнта.

Клавіша, упрыгожаная вясёлкавай іконкай, з'явіцца на новых ПК і ноўтбуках ад партнёраў Microsoft, а таксама на іншых прыладах. Але выкарыстоўваць яе атрымаецца толькі з Windows 11: на старых АС новая клавіша будзе выконваць ранейшую функцыю, а менавіта запуск панэлі "Пуск".

Copilot — гэта пераасэнсаваны чат-бот Bing, адаптаваны для Windows. Ён адкрываецца ў выглядзе класічнай бакавой панэлі, з якой можна кіраваць наладамі сістэмы ў фармаце запытаў у чаце на ўзор ChatGPT. Акрамя таго, робат зможа падказаць час у іншых гарадах, спрагназаваць надвор'е і нават напісаць сачыненне, выкарыстоўваючы тэкст з буфера абмену.
 

Названы гаджэт, які можа "замяніць" сабой смартфон у найбліжэйшай будучыні

Найбуйнейшыя кампаніі Крамянёвай даліны адрадзілі ідэю "разумных" акуляраў у стылі Google Glass у якасці новай спажывецкай прылады, якая ў будучыні можа замяніць смартфоны. Пра гэта паведамляе Financial Times.

Ідэя гарнітуры ў форме акуляраў узнікла яшчэ 10 гадоў таму, аднак усе спробы зрабіць такія гаджэты папулярнымі праваліліся праз дрэнную якасць шкла і агульную негатоўнасць прадукту пасля выхаду на рынак.

Новае пакаленне разумных акуляраў, абсталяванае штучным інтэлектам і чат-ботамі ў стылі ChatGPT, як чакаюць распрацоўшчыкі, здолее зацікавіць спажыўцоў так, як гэта не ўдалося зрабіць Google Glass. У канкурэнтную гонку ў гэтым сегменце ўжо ўключыліся Apple, Samsung і іншыя кампаніі, піша выданне.

У 2021 годзе вядомы брэнд акуляраў Ray-Ban сумесна з Meta выпусціў серыю сонцаахоўных акуляраў, у аправы якіх былі ўбудаваныя камеры і маленечкія дынамікі. А прадстаўленая ў верасні 2023 новая версія можа пахваліцца палепшанымі магчымасцямі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі