“Забойца смартфонаў”, суд на баку Трампа, іспанцы дачакаліся — #ІхНоравы
Кароткі агляд сусветных навін
Нам паказалі дэвайс, які, імаверна, заменіць смартфон. Суд стаў на бок Трампа (бывае і такое). А ў Барселоне завяршаецца будаўніцтва самага вядомага ў свеце “даўгабуда”. Пра гэта і не толькі — у нашым аглядзе міжнародных навін.
Выхадцы з Apple паказалі “забойцу смартфонаў”
На Тыдні моды ў Парыжы прадставілі стартап былых супрацоўнікаў Apple — дэвайс, які "аднойчы заменіць смартфон". Гэта Humane Ai Pin.
Гаджэт падобны на вельмі кампактны тэлефон з праектарам замест дысплея. Ён мацуецца на вопратку і праецыюе тэкст і выявы наўпрост на далонь.
Падрабязнасцяў пра дэвайс пакуль вельмі мала. Вядома, што з функцый прадугледжаныя званкі, камера, перакладчык, галасавы асістэнт, а таксама распазнаванне навакольных аб'ектаў. Так, напрыклад, дэвайс можа адсканаваць тавар у краме і адказаць на пытанні пра яго — гэта магчыма дзякуючы шырокаму выкарыстанню алгарытмаў штучнага інтэлекту.
Таксама вядома, што за пяць гадоў стартап Humane прыцягнуў ужо $240 млн.
Колькі будзе каштаваць рэвалюцыйны дэвайс і калі паступіць у продаж, пакуль не паведамляецца.
Вярхоўны суд ЗША не супраць удзелу Трампа ў выбарах
Вярхоўны суд ЗША адмовіўся разглядаць пазоў пра пазбаўленне Дональда Трампа права балатавацца на пасаду прэзідэнта ў наступным годзе. Пазоў падаў малавядомы прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Джон Энтані Кастра, які таксама хоча балатавацца ў прэзідэнты. Неабходнасць забараніць Трампу ўдзельнічаць у перадвыбарнай гонцы ён аргументаваў тым, што той спрыяў "паўстанцам", якія "жорстка напалі" на Капітолій 6 студзеня 2021 года.
Справа Кастра супраць Трампа грунтуецца на палажэннях 14-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША, паводле якой любы амерыканец не мае права займаць дзяржаўную пасаду, калі ён "удзельнічаў у бунце або паўстанні" супраць уладаў ЗША або аказваў дапамогу паўстанцам.
Калісьці 14-ю папраўку ўнеслі ў Канстытуцыю ЗША, каб пасля Грамадзянскай вайны былыя канфедэраты не маглі займаць дзяржаўныя пасады. Аднак у найноўшай гісторыі краіны папраўка не прымянялася.
Вярхоўны суд ЗША адхіліў пазоў без каментароў.
Прайграўшы Джо Байдэну прэзідэнцкія выбары 2020 года, Дональд Трамп доўгі час адмаўляўся прызнаваць паразу і запэўніваў сваіх прыхільнікаў, што ў яго нібыта скралі перамогу, фальсіфікаваўшы вынікі галасавання.
6 студзеня 2021 года тысячы прыхільнікаў Трампа сабраліся ў цэнтры Вашынгтона, каб выказаць сваю незадаволенасць вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. На гэтым мітынгу Трамп заклікаў натоўп прыйсці да Капітолія, каб выказаць сваю пазіцыю.
Манументальнае збудаванне разлічанае на размяшчэнне каля 13 тысяч чалавек.
І без таго павольнае будаўніцтва, якое вядзецца выключна на ахвяраванні, было прыпыненае ў канцы 1930-х гадоў праз грамадзянскую вайну ў Іспаніі.
У 1984 годзе будынак быў унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а ў 2010 годзе ён быў асвечаны папам Бенедыктам XVI для рэлігійнага богаслужэння.
Будаўніцтва царквы вялося незаконна 137 гадоў — ажно да 2019 года, калі гарадская рада Барселоны нарэшце выдала дазвол на будаўніцтва. Улады толькі ў 2016 годзе выявілі "анамалію" з адсутнасцю дазволу. Адміністрацыя базілікі будзе выплачваць у гарадскую казну кампенсацыю ў памеры $41 млн цягам 10 гадоў.
Калі будаўніцтва будзе завершанае, Sagrada Familia стане самай высокай царквой у свеце, абагнаўшы Ульмскі сабор у Германіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.