Калі ты купіў сацсетку, гэта не значыць, што цябе ў ёй не пашлюць — #ІхНоравы
"Іх норавы"
Сёння большасць сусветных агенцтваў пісала пра ваенную дапамогу Украіне. Здаецца, "стомлены" ад вайны свет пераходзіць ад слоў да справы: недзе дапамогу хочуць скараціць, а недзе пра яе пачынаюць жартаваць.
Але твітар стаміўся ад жартаў Ілана Маска мацней, чым Ілан Маск стаміўся ад вайны.
Нам такое не вельмі
У ЗША ў гэтыя дні аддаваліся традыцыйнай восеньскай забаве: спрабавалі не дапусціць шатдаўна — гэта значыць, прыпынення працы ўрада. Такое здараецца, калі рэспубліканцы і дэмакраты не могуць дамовіцца па бюджэце — і здараецца гэта даволі часта.
Памятаеце, як Дональд Трамп патрабаваў вылучыць яму мільярды на будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай? А цяпер каменем спатыкнення зрабілася вайсковая дапамога для Украіны.
Самыя жорсткія з рэспубліканцаў крытыкуюць падыход Байдэна да вайны і не хочуць больш даваць на яе грошай. У выніку ў нядзелю палітыкі дамовіліся аб часовым бюджэце на 45 дзён — і ён пакуль не ўключае пакета дапамогі Украіне.
Але сам амерыканскі прэзідэнт у нядзелю сказаў:
"Мы не можам ні пры якіх абставінах дазволіць ЗША перапыніць падтрымку Украіны", — заявіў Джо Байдэн.
Ён абяцае падтрымліваць Украіну насуперак усяму — дакладней, насуперак усім непадатлівым рэспубліканцам.
ЗША ўжо далі Украіне ваеннай дапамогі на суму каля 46 мільярдаў долараў. Цяпер Байдэн прасіў яшчэ 24 мільярды.
Бюджэт да Кіева давядзе
У вас ёсць адчуванне, што ЗША стаміліся ад вайны ва Украіне? А ва Украіны такога адчування няма. Кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба сказаў, што Кіеў на сувязі і з рэспубліканцамі, і з дэмакратамі ў амерыканскім кангрэсе.
— Злучаныя Штаты разумеюць: тое, што ставіцца на кон ва Украіне, — значна большае, чым проста Украіна. Гаворка ідзе пра стабільнасць і прадказальнасць у свеце, і таму я мяркую, мы зможам знайсці неабходныя рашэнні, — сказаў Кулеба.
А цяпер галоўнае: ён сказаў гэта на сустрэчы з еўрапейскімі міністрамі ў Кіеве. Сёння ва ўкраінскай сталіцы праходзіць першае выязное пасяджэнне міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза.
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль кажа, што мэта гэтай сустрэчы — прадэманстраваць салідарнасць з Украінай. Гэта, дарэчы, першы выпадак, калі еўрапейскі Савет па міжнародных справах збіраецца за межамі ЕС.
— І адначасова — у будучых межах Еўрапейскага саюза, — кажа Кулеба.
We are convening a historic meeting of EU Foreign Ministers here in Ukraine, candidate country and future member of the EU.
— Josep Borrell Fontelles (@JosepBorrellF) October 2, 2023
We are here to express our solidarity and support to the Ukrainian people.https://t.co/zcv6agCcIy
Трымцячы перад Пуціным
Славакія — чалец ЕС і NATO, яна мяжуе з Украінай і была адной з самых рашучых прыхільніц сваёй суседкі. І тут на парламенцкіх выбарах перамагае папулісцкая партыя Smer.
Партыю ўзначальвае сябар Пуціна Роберт Фіца. Перад выбарамі ён заяўляў, што, прыйшоўшы да ўлады, спыніць дапамагаць Украіне зброяй і будзе адпраўляць Кіеву толькі тавары цывільнага прызначэння.
"У Славакіі і народа ў Славакіі ёсць сур'ёзнейшыя праблемы, чым Украіна", — заявіў Фіца пасля перамогі на выбарах.
Ён дадаў, што вайна ва Украіне — гэта "велізарная трагедыя для ўсіх" і заклікаў да мірных перамоў. А яшчэ ён лічыць наіўнай ідэю дэакупаваць захопленыя Расіяй тэрыторыі.
Думаеце, Фіца — прарасійскі? Усё яшчэ цікавей. Ён ужо ўзначальваў урад. Менавіта ён прывёў Славакію і ў шэнгенскую зону, і ў еўразону. І адразу пасля перамогі на гэтых выбарах ён сказаў, што знешнепалітычны курс мяняць не збіраецца — у Еўрасаюзе Славакія адчувае сябе камфортна. Але, мабыць, у такім Еўрасаюзе, які не хвалюе, што адбываецца па той бок мяжы.
Але песімізм убок: партыя Фіца набрала толькі крыху больш за 23% галасоў, а гэта значыць, што Фіца павінен будзе фармаваць кааліцыю. А амаль усе астатнія партыі, якія прайшлі ў парламент, прытрымліваюцца ранейшага курсу.
Калі ўжо некалькі хвілін нікога не раздражняў
А Ілан Маск паспрабаваў жартаваць на тэму вайсковай дапамогі Украіне. Ён апублікаваў мем з фота Уладзіміра Зяленскага і подпісам:
"Калі ўжо некалькі хвілін не прасіў мільярд долараў".
— Elon Musk (@elonmusk) October 1, 2023
Але аказалася, што калі ты купіў сацсетку, гэта не значыць, што ў ёй цябе больш не могуць паслаць.
А чалец украінскага парламента Максім Барадзін саркастычна напісаў у рэплаях Маску:
"Так смешна, што на секунду забыўся, што рускія сцерлі ў пыл мой Марыупаль".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.