Мэрыя пабудавала дамы для катоў, а кракадзілы выратавалі шчанюка — #ІхНоравы
"Іх норавы"
У Індыі кракадзілы дапамаглі шчанюку ўратавацца ад зграі сабак. Так-так, вось пра такія навіны мы і плануем расказваць вам у выхадныя.
Мы вырашылі, што ў выхадны дзень вы маеце права на порцыю неблагіх навін. І сабралі для вас самую нястрашную падборку тыдня.
Дамкі для свабодных катоў
У Любліне ўсталююць 12 новых дамкоў для бяздомных катоў. Гэтым займаецца... гарадская мэрыя. Кожны дом разлічаны на 6 катоў. Яны ўцепленыя пенапластам і абараняюць ад холаду, ветру і дажджу.
Аказваецца, у мэрыю звярнуліся таварыствы ўласнікаў і папрасілі забяспечыць катоў, якія пасяліліся на раёне, дамкамі. І мэрыя сваю справу зрабіла. А яшчэ заклікала жыхароў тых дамоў, якія не папрасілі дамкоў, не зачыняць на зіму вокны падвала, каб каты маглі схавацца там ад холаду.
З аднаго боку, яны проста спрабуюць вярнуць сабе бясплатны ўваход на пляж, а пляж і мора — частка грэцкай культуры. З іншага — удзельнікі пратэстаў звяртаюць увагу на пабочныя праблемы, якія выклікае празмерны турызм. І сацыяльныя, і экалагічныя. І просяць урад пачаць іх вырашаць.
Хто ляжаў у маёй лазенцы?
У адной полькі былі падазрэнні, што хтосьці наведваецца да яе ў дом, калі яна ідзе на працу або з'язджае з горада. Усё аказалася нашмат цікавейшым.
Дваццацігадовы злодзей знайшоў запасны ключ, які жыхары дома пакідалі недалёка ад дзвярэй, і некалькі дзён карыстаўся ім, каб трапіць унутр. А калі ключ перахавалі, пачаў хадзіць у госці праз акно.
Грошай рабаўнік узяў зусім няшмат — усяго каля сарака еўра. І яшчэ ежы прыкладна на 25 еўра. Галоўнай жа мэтай была... лазенка. Мужчына падчас сваіх візітаў праў і прымаў ванну.
У дзень, калі паліцыянты ўсё ж затрымалі яго, ён вярнуўся на месца злачынства, каб забраць вымытую бялізну. Фінал гісторыі невясёлы: маладому чалавеку пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Мінулы сезон
Даследчыкі знайшлі самы стары абутак у Еўропе — вытканыя з травы сандалі. Ім каля 6 тысяч гадоў. Старажытныя еўрапейцы выкарыстоўвалі для гэтай мадэлі розныя віды траваў, скуру і вапну.
Сандалі знайшлі ў іспанскай пячоры, якую называюць пячорай кажаноў. Нізкая вільготнасць і вецер аказаліся спрыяльнымі ўмовамі, і таму абутак добра захаваўся. Як вы думаеце, гэта вінтаж?
Калі ты вельмі міленькі
Дык вось, у Індыі кракадзілы дапамаглі шчанюку выратавацца ад зграі сабак, якая за ім гналася. Дзівосны прыклад міжвідавай эмпатыі.
Шчанюк зваліўся ў небяспечную раку, калі ратаваўся ад зграі, якая гналася за ім. Тут ён мог бы і загінуць. Раней гэтыя ж кракадзілы ў гэтай жа рацэ нападалі на сабак. Але гэтым разам яны падштурхнулі шчанюка насамі да берага і дапамаглі выратавацца. Калі ты міленькі, шанцы на выжыванне павышаюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.