Новы Кодэкс аб адукацыі не паспеюць прыняць да наступнага навучальнага года
Праект абноўленага Кодэкса аб адукацыі, які павінен замацаваць адмену ўступных іспытаў у гімназію, паступіць у Палату прадстаўнікоў не раней за 1 ліпеня 2018 года. Пра гэта ў каментарыі Еўрарадыё заявіў прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч.
Уладзіслаў Сычэвіч: “Па даручэнні прэзідэнта мы павінны яго ўнесці ў Палату прадстаўнікоў да 1 ліпеня. Цяпер Мінадукацыі ўжо падрыхтавала праект, ідзе яго актыўнае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі [бакамі]”.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, хутчэй за ўсё, праект новага Кодэкса аб адукацыі Саўмін вынесе на грамадскае абмеркаванне.
Яшчэ 25 студзеня 2018 года кіраўнік Беларусі падпісаў ўказ, якім скасаваў уступныя іспыты ў 5 клас гімназій. Замацаваць гэтыя змены мусіла новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Першапачаткова разгляд праекта кодэкса быў запланаваны на веснавую сесію, якая пачалася 2 красавіка. Але на сёння ён там больш не значыцца. А восеньская сесія ў дэпутатаў пачнецца 2 кастрычніка.