Новы рэкорд: украінскі дрон нанёс удар у РФ на адлегласці больш за 1800 км
Радыёлакацыйная станцыя далёкага выяўлення цэляў
Украінскі дрон-камікадзэ нанёс удар у РФ на адлегласці больш за 1800 км, піша hromadske.ua са спасылкай на крыніцу ў спецслужбах. Гэта новы рэкорд. 26 траўня дрон атакаваў радыёлакацыйную станцыю далёкага выяўлення цэляў "Варонеж М", размешчаную ў горадзе Орск Арэнбургскай вобласці. Наколькі быў паспяховы ўдар, пакуль невядома.
Дагэтуль найбольш аддаленай цэллю, атакаванай украінскімі беспілотнікамі, быў аб'ект у Башкартастане, размешчаны на 140 кіламетраў бліжэй да ўкраінскай мяжы ў параўнанні з Орскам.
Раней з'явілася інфармацыя і фотапацверджанне паражэння дронам ГУР іншай падобнай радыёлакацыйнай станцыі, размешчанай у Краснадарскім краі.
"Варонежы М" з'яўляюцца складовай часткай сямейства расійскіх стацыянарных радыёлакацыйных станцый вялікай далёкасці, прызначаных выяўляць касмічныя і аэрадынамічныя аб'екты (найперш папярэджваць пра запуск ядзерных ракет). Далёкасць выяўлення — да 6000 кіламетраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.