“Ну, адшукайце танней”: як будоўля АЭС змяніла кошты на жыллё ў Астраўцы
У Астраўцы — невялікім райцэнтры Гродзенскай вобласці — шалёныя кошты на арэнду жылля. За двухпакаёвую кватэру тут просяць амаль $900 за месяц. Адкуль такія кошты, калі ў Гродне ці нават у Мінску наняць двухпакаёўку можна за $250-300?
— Такая цана і ёсць. Чаму вы лічыце, што дорага? — адказваюць Еўрарадыё па тэлефоне, указаным у райцэнтры.
— Больш за 800 долараў для райцэнтра...
— Ну, адшукайце танней. Да пабачэння, — кідае слухаўку гаспадар кватэры. Па тоне размовы падобна, што ён упэўнены: кватэра знойдзе свайго арандатара.
З 2011 года побач з Астраўцом будуюць атамную электрастанцыю. Некалькі соцень долараў за кватэру — цэны якраз для тых, хто прыязджае працаваць на гэтай будоўлі.
— У Астраўцы жывуць атамшчыкі, жыллё ім аплачваюць расійскія фірмы, — кажа грамадзянскі актывіст з Астраўца Іван Крук. — Адзін знаёмы пацвердзіў, што менавіта расіяне плацяць за кватэры. Ім [рабочым АЭС. — Еўрарадыё] загадалі ніякай інфармацыі не даваць, бо кантракты не працягнуць.
Шмат хто ў Астраўцы здае кватэры. Людзі едуць жыць у вёскі ці да сваякоў, каб вызваліць кватэру і здаць.
— Розныя людзі жывуць, — пярэчыць яшчэ адзін гаспадар кватэры, які здае трохпакаёўку за 600 долараў. — Не магу інфармацыю раскрываць, хто жыве. Розныя людзі. Будаўнікі з АЭС таксама.
Калі людзі гатовыя плаціць столькі — дык чаму б не выстаўляць такія цэны? Але ў медаля ёсць другі бок. Будаўніцтва АЭС праз крэдыт, атрыманы ў Расіі, аплачвае беларускі ўрад. То-бок мы з вамі. Ці не перакладаюць расійскія падрадчыкі камандзіровачныя выдаткі сваіх супрацоўнікаў на нас з вамі?
— Цэны на жыллё — гэта пытанне падрадчыкаў, — адказваюць Еўрарадыё ў інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС. — Наколькі ведаю, тут пабудаваныя мікрараёны, таму са сваёй кішэні наўрад ці [будаўнікі] плацяць. 600-800 долараў… Увогуле нешта не верыцца ў такую суму. Адкуль такія цэны? Хто столькі можа заплаціць? Думаю, хлусяць. Лепш напішыце нам ліст, каб мы разабраліся ў пытанні і далі кампетэнтны адказ.
Знайсці ў Астраўцы больш таннае жыллё ў нас не атрымалася. Нават у мясцовай гасцініцы, дзе стандартны нумар (што праўда, са сняданкам і вячэрай) абыдзецца ў 145 рублёў. Браніраваць яго трэба загадзя, з вольнамі месцамі складана.
— Больш інжынеры са станцыі наймаюць, — расказваюць нам на рэцэпцыі. — Не толькі яны, але са станцыі ў асноўным персанал. А з кватэрамі ў горадзе складана, так. Знайсці можна, але здаюць па 500-600 долараў. Чаму так? Дык атамную станцыю будуюць!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.