Няма лекаў і ФАПы без вады — пракуратура пра праверкі ў Гомельскай вобласці

Фельчарска-акушэрскі пункт

Фельчарска-акушэрскі пункт

Прадстаўнікі гомельскай пракуратуры праехалі з паўторнымі праверкамі па медустановах вобласці. Высветлілася, што заўвагі паводле вынікаў першай праверкі былі выкананыя далёка не ўсюды. Першы рэйд адбыўся сёлета ў студзені-чэрвені. Але ў верасні па-ранейшаму засталіся нявырашанымі пытанні з забеспячэннем медустаноў лекамі, а таксама з агульным "санітарна-тэхнічным станам" лячэбных устаноў. У асобных фельчарска-акушэрскіх пунктах (ФАПах) не аказалася вады — у некаторых гарачай, а ў некаторых — наогул ніякай. У прыватнасці, у ФАП вёскі Новыя Церашковічы гарачага і халоднага водазабеспячэння не было больш за пяць гадоў.

Прычым паводле вынікаў першай праверкі яшчэ ў сакавіку гомельская гарадская паліклініка №13 купіла для сваіх ФАПаў праточныя воданагравальнікі. Але да верасня іх так і не ўсталявалі. Толькі пасля другога візіту кантралёраў з пракуратуры "сітуацыя была выпраўленая".

Выпраўляць давялося і сітуацыю з забеспячэннем прэпаратамі. Да прыкладу, у Малевіцкім ФАПе (гэта ў Жлобінскім раёне) з 38 абавязковых лекавых сродкаў у верасні пракуроры налічылі толькі дзевяць. Аналагічныя парушэнні выявіліся і ў Хойніцкім раёне. У іншых ФАПах пацыентам прапаноўвалі лекі са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

"Па ўсіх выяўленых парушэннях зробленыя захады пракурорскага рэагавання: на сёння фельчарска-акушэрскія пункты ўкамплектаваныя неабходнымі лекамі, сітуацыя з водазабеспячэннем узятая на кантроль", — зрабілі справаздачу ў гомельскай пракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі