Амбасада Польшчы: адмена віз “на закупы” не прынясе нязручнасцяў

Амбасада Польшчы: адмена віз “на закупы” не прынясе нязручнасцяў

Польскую візу "на закупы" беларусы не змогуць зрабіць ужо з 2 студзеня 2019 года. У амбасадзе Польшчы кажуць, што змены носяць выключна тэхнічны характар.

“Іх мэта — яшчэ большая адкрытасць патрэбам грамадзян Беларусі, якія ўязджаюць у Польшчу, а таксама ўязджаюць праз Польшчу ў іншыя краіны, члены Шэнгенскага пагаднення. Грамадзянам Беларусі, якія падаюць дакументы на атрыманне візы, гэтыя змены не прычыняць нязручнасцяў”, — кажа першы дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.

Для атрымання віз “на закупы” хапала чэкаў Tax Free. Цяпер жа ахвотныя атрымаць “шэнген” мусяць прыкладваць пацвярджэнне рэзервацыі жытла альбо дамову арэнды памяшкання. Поўны спіс неабходных дакументаў пры падачы заявы на візу яшчэ ўдакладняецца.

Паводле амбасады Польшчы, тэхнічныя змены “станоўча паўплываюць на задавальненне высокага попыту” на шэнгенскія візы, якія выдаюць консульскія ўстановы. Агулам беларусы летась атрымалі праз польскія дыпламатычныя ведамствы амаль 419 тысяч шэнгенскіх і нацыянальных віз.

Віза "на закупы" карысталася ў жыхароў Беларусі вялікай папулярнасцю, асабліва ў Гродне і Брэсце, размешчаных недалёка ад польскай мяжы. Шматразовую візу нярэдка давалі адразу на два ці нават на тры гады.

 

 

Больш важных і цікавых навінаў у выніковай праграме "Петарда":

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі