OSIMIRA: "Мы засталіся ўтрох... Праект завершаны!"
Магілёўская этна-фармацыя абвясціла пра спыненне дзейнасці. Гурт праіснаваў 11 гадоў, за якія паспеў аб'ехаць усю Еўропу.
“Гэта натуральны працэс: людзі жывуць, паміраюць, і гурты тое самае, — каментуе Еўрарадыё навіну пра распад гурта яго лідар Андрусь Палаўчэня. — Лагічна праект не можа працягвацца: басіст з’ехаў у адну краіну, гітарыст у іншую, скрыпачка — у Мінск, а мы засталіся ўтрох — я, Алёкса і Кастусь. З чаго, па сутнасці, гурт пачынаўся, на тым і скончыўся. Праект завершаны! Трэба рухацца далей!”
OSIMIRA задумываўся як праект на 1 год. Але надзвычайная паспяховасць гурта падштурхнула ўдзельнікаў да таго, каб застацца разам. Што праўда, апошнія тры гады OSIMIRA гралі толькі на знакавых фэстах.
Андрусь не выключае, што гурт будзе канцэртаваць у родным Магілёве, аднак гэта не будзе значыць, што ён працягвае сваю дзейнасць. Адзінае, музыкі вырашылі запісаць песні OSIMIRA, створаныя ў апошнія гады. Праўда, складуць яны альбом ці проста застануцца музыкам на памяць, пакуль невядома.
У хуткім часе Андрусь, Алёкса і Кастусь плануюць выступіць з новым праектам. Яго прэзентацыя запланаваная на канец жніўня на фэстах у Будапешце і Браціславе. Палаўчэня не прызнаецца, што за музыку будзе граць новая фармацыя, аднак абяцае, што гэта будзе не рок і не джаз.
OSIMIRA выконвалі музыку, заснаваную на крывіцкім фальклоры. Выступы гурта нязменна суправаджаліся этна-шоў. Акрамя вакалістаў, у складзе OSIMIRA — дуда і іншыя духавыя інструменты, скрыпкі, гітары, ударныя і перкусія.