Па справе ашмянскіх мытнікаў пракурор папрасіў да 12,5 года калоніі

Па справе ашмянскіх мытнікаў пракурор папрасіў да 12,5 года калоніі

На судзе над групай ашмянскіх мытнікаў пракурор 29 чэрвеня агучыў прапановы дзяржаўнага абвінавачання — ад 3 гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе да 12,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, перадае БЕЛТА. Мытнікаў вінавацяць у арганізацыі шырокамаштабнай схемы ўхілення ад выплаты мытных плацяжоў.

Для падсуднага Юрыя Кавальчука пракурор папрасіў 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама прапануецца пазбавіць яго права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў і выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, тэрмінам на 5 гадоў.

Пракурор папрасіў суд спагнаць з абвінавачаных на карысць дзяржавы сумы нанесенай шкоды. Агучаныя сумы вар'іраваліся ад 3,3 тысячы долараў да больш чым 124 тысячы долараў.

Агулам па справе праходзяць падсуднымі 16 чалавек. 11 з іх знаходзяцца пад вартай, астатнім прызначаны хатні арышт і падпіска аб нявыездзе. 12 чалавек вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Астатніх акрамя таго вінвацяць у дачы хабару і бяздзеянні службовай асобы. 

Паводле версіі абвінавачання, група мытнікаў за хабар бесперашкодна прапускала буйныя партыі тавараў праз дзяржаўную мяжу Беларусі ў пункце пропуску "Каменны Лог". Сумы хабару складалі ад 250 да 3 тысяч долараў у залежнасці ад колькасці грузаў. Адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячнае ўзнагароджанне ў 1000 долараў прыкрываў злачынную дзейнасць групы, паведамляючы пра планаваныя праверкі з боку Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі