Жанчына аддала махлярам 120 тыс. руб. — ёй пагражалі "фінансаваннем экстрэмізму"

Грошы, ілюстрацыйнае фота

Грошы, ілюстрацыйнае фота / Onliner

Жыхарка Гомеля стала ахвярай махляроў, якія назваліся сілавікамі, і страціла 124 тысячы рублёў. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.

Махляры скарысталіся сітуацыяй, калі сілавікі вінавацяць беларусаў у "фінансаванні экстрэмізму" за дапамогу пацярпелым або данаты ў фонды салідарнасці.

Спярша жанчыне праз месенджар затэлефанаваў чалавек, які назваўся супрацоўнікам кампаніі мабільнай сувязі. Ён прапанаваў запоўніць анкету для падаўжэння дамовы. Падчас размовы жанчына назвала свае пашпартныя звесткі.

Неўзабаве ёй затэлефанаваў чалавек, які назваўся прадстаўніком Камітэта дзяржкантролю, і сказаў, што яна з'яўляецца фігуранткай крымінальнай справы аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. Як доказ ён пераслаў у месенджары фатаграфію службовага пасведчання — фальшывага, як сцвярджаюць у Следчым камітэце.

Жанчына расказала пра гутарку з "аператарам сотавай сувязі", якому паведаміла свае асабістыя звесткі. "Супрацоўнік КДК" у адказ паведаміў ёй пра махляроў, якія нібыта спрабуюць аформіць на яе імя банкаўскія крэдыты. Мужчына прапанаваў "спрацаваць на апярэджанне" і ўзяць крэдыты ёй самой. Даверлівая гамялчанка ўзяла некалькі крэдытаў на 124 тысячы рублёў і перавяла грошы на чужыя рахункі. Таксама яна напісала "распіску аб неразгалошванні аператыўных мерапрыемстваў".

Але выявілася, што махлярамі былі ўсе яе суразмоўцы. Цяпер Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209 КК (завалоданне маёмасцю шляхам падману, учыненае ў асабліва буйным памеры).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі