Пачым крэдыты для Беларусі? Параўноўваем стаўкі МВФ, ЕўрАзЭС, Расіі і Кітая

Пачым крэдыты для Беларусі? Параўноўваем стаўкі МВФ, ЕўрАзЭС, Расіі і Кітая

Улетку Лукашэнка назваў МВФ "самым зручным для нас крэдыторам". Беларусь хоча пазычыць у Міжнароднага фінансавага фонда $3 млрд на 10 гадоў пад 2,3%. Еўрарадыё вырашыла параўнаць гэтую стаўку з працэнтамі, пад якія беларускаму ўраду пазычаюць грошы іншыя арганізацыі і краіны.

1. Папярэдні крэдыт МВФ

Апошні раз Міжнародны валютны фонд ужо крэдытаваў беларусаў у 2009-2010 годзе. Рашэнне пра гэты крэдыт было прынятае 12 студзеня — праз 10 дзён пасля дэвальвацыі, якую Беларусь атрымала ў падарунак на новы 2009 год. $3,52 млрд ад МВФ наша краіна атрымала пад плаваючую стаўку ў LIBOR+0,75%. Атрымалася каля 5% гадавых. Тады гэтыя ўмовы лічыліся выгаднымі. Але з тых часоў грошы ўпалі ў кошце, і цяпер ў Беларусі ёсць магчымасць атрымаць крэдыт удвая танней.

ДАВЕДКА
LIBOR (London Interbank Offer Rate) — сярэдняя стаўка крэдытавання на міжнародным рынку, якая штодня разлічваецца ў Лондане на падставе таго, пад які працэнт гатовыя пазычаць грошы 16 буйных сусветных банкаў.

 

Дарэчы, той крэдыт ад МВФ Беларусь скончыла выплачваць толькі ў сакавіку 2015 года, набраўшы новых пазыкаў.

2. Крэдыт Антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС

У чэрвені 2011 года, паміж дзвюма дэвальвацыямі Беларусь атрымала стабілізацыйны крэдыт у $3 млрд "для падтрымкі плацёжнага баланса". Грошы былі падзеленыя на шэсць траншаў, з якіх Беларусь атрымала пакуль толькі пяць — агулам $2,56 млрд. А апошні транш не прайшоў, бо Беларусь не выканала ўмоваў. У прыватнасці, наш урад не так імкліва падвышаў камуналку і кошты на праезд у грамадскім транспарце, як гэтага патрабавалі эксперты з ЕўрАзЭС.

ЕўрАзЭС пазычыў Беларусі грошы на 10 гадоў, з трохгадовым ільготным перыядам. Кошт гэтых грошай прывязаны да коштаў, па якіх Расія прыцягвае рэсурсы на міжнародных рынках.

Гэты крэдыт Беларусь пачала выплачваць у чэрвені 2014 года і не скончыла дагэтуль.

3. Крэдыты з Расіі

У расіян Беларусь пазычае грошы рэгулярна. Пра тое, што гэтыя грошы — дарагія, Лукашэнка скардзіўся яшчэ ў 2009 годзе: "Захад у тры разы выгадней дае крэдыт, чым Расія". Тым не менш, наш урад працягвае сядзець на расійскай крэдытнай іголцы.

У канцы 2013 года Беларусь атрымала $450 млн, а ў сярэдзіне 2014 года яшчэ $1,55 млрд гэтага крэдыта са стаўкай, прывязанай да кошту аблігацый федэральнай пазыкі Расіі на Маскоўскай біржы. Па словах незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, у 2014 годзе, пасля таго, як у Расіі пачаўся "Крымнаш" і эканамічныя праблемы, пэўны час стаўка па гэтым крэдыце перавышала 10% гадавых.

 

4. Крэдыты з Кітая

Умовы, на якіх Беларусь атрымлівала грошы з Кітая, доўгі час не агалошваліся. Нарэшце, улетку віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка паведаміў, што $7 млрд грошай ад кітайскага ўрада дасталіся нам пад 2%. Не складана заўважыць, што гэта танней за МВФ. Але ёсць нюансы. Кітайскія крэдыты — звязаныя і даюцца пад канкрэтныя праекты, а не на "падтрыманне штаноў" і не на тое, каб вяртаць іншыя пазыкі.

Яшчэ адна частка крэдытнай лініі складаецца са сродкаў кітайскага "Эксімбанка". Гэтыя грошы абыйдуцца Беларусі даражэй. "Пэўны час таму нашыя ўлады правялі "рэбрэндынг": звязаныя крэдыты пераназвалі льготнымі. Але пасля прагучала, што льготны крэдыт даецца пад 6,5%", — прыгадвае Сяргей Чалы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі