Пачынаюцца пошукі магілы Францыска Скарыны
У Беларусі стварылі грамадскую ініцыятыву, якая зоймецца пошукам магілы беларускага і ўсходнеславянскага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны (1482 — 1551). Пра гэта БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні савета Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч. Паводле яго слоў, ужо ідзе пошук адпаведных дакументаў (як вядома, Скарына найхутчэй быў пахаваны ў Чэхіі). Садзейнічанне гэтай ініцыятыве паабяцала Міністэрства замежных спраў.
Бутэвіч таксама заявіў, што прапанова Беларускага фонду культуры і грамадскай назіральнай камісіі пры Мінкультуры аб наданні Нацыянальнай бібліятэцы імя Францыска Скарыны атрымала падтрымку. Пра гэтую ініцыятыву нядаўна заявіў міністр культуры Барыс Святлоў. Як вядома, створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.