Пад Іўем прарвала дамбу, якую год таму адкрыў міністр прыродных рэсурсаў
Сажалка ў аграгарадку Трабы. 2 верасня 2023 года / zerkalo.io
У аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна прарвала дамбу, якую год таму ўрачыста адкрываў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, піша zerkalo.io.
Летась высокапастаўлены чыноўнік прыязджаў адкрываць тут добраўпарадкаваную зону адпачынку. У яе ўваходзіла і возера, створанае з дапамогай дамбы. Міністр урачыста запусціў туды рыбу.
Мясцовы жыхар расказаў журналістам, што сажалку на рацэ Клева ў Трабах стварылі больш за 30 гадоў таму. Першы раз дамбу на ёй прарвала 10 гадоў. Больш-менш аднавіць дамбу мсяцовыя жыхары змаглі сваімі сіламі.
"А летась умяшалася міністэрства. Толкам яны нічога не зрабілі: пачысцілі берагі, паставілі дзве альтанкі і зрабілі пляж. Адкрывалі ўсё з удзелам міністра. Але на справе атрымалася так, што вада ішла ў возера вадаспадам і пад вялікім ціскам. Мясцовыя папярэджвалі, што канструкцыя не вытрымае, бо дамба не забетанаваная, але ніхто не слухаў. І на працягу года напор вады вымыў за ёй яму", — тлумачыць мужчына.
Мясцовыя жыхары спрабавалі засыпаць яму самастойна, а потым ужо не сачылі, што там робіцца. Паспадзяваліся, што ўлады зрабілі рэканструкцыю, дык яны лепш ведаюць, як правільна.
А 1 верасня дамбу прарвала. І літаральна за гадзіну сажалка абмялела. "У выніку яе ўзровень упаў амаль да нуля, рыба загінула. Худык прымчаўся з Мінска праз дзве гадзіны пасля здарэння, толькі нічога потым не адбылося. Проста прыехаў, паглядзеў і ўсё, на выходных ніякіх рухаў не было", — распавядае падрабязнасці мясцовы жыхар.
Па яго словах, нічога на дамбе не робяць і 4 верасня.
Старшыня Трабскага сельвыканкама выканкама Валянціна Марусава заявіла, што пытанне з дамбай ужо вырашаецца: "Усё ў нас добра. Работы ідуць, усё аднаўляецца. У нас быў вельмі моцны ўраган, і гэта проста яго наступствы. Дагэтуль ёсць паваленыя дрэвы, таму ўсё гэта прыбіраецца. Як і па ўсёй рэспубліцы. Лясніцтва працуюць, ратавальнікі — усе працуюць".
Па яе словах, ва ўсім вінаваты ўраган.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.