Пад Веткай гарэў аўтобус з людзьмі, дзверы былі заблакаваныя (фота)

Вось што распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар Гомельскай абласной МНС Руслан Габрылёў:



“Рэйсавы аўтобус Ветка — Неглюбка толькі выехаў за горад, калі загарэўся маторны адсек. Дзверы адкрыць было немагчыма. Наш супрацоўнік ехаў у Веткаўскі раён на працу, убачыў гэты аўтобус і прыняў удзел у эвакуацыі. Там разбілі вокны”.



Аўтобус быў пашкоджаны, але ніхто з пасажыраў не пацярпеў — усіх эвакуявалі, дадаў Руслан Габрылёў. Паводле папярэдняй версіі, пажар узнік з-за кароткага замыкання электраправодкі.

Як стала вядома, ратаваў людзей супрацоўнік МНС, сяржант Анатоль Жураўлёў. У гутарцы з сайтам onliner.by, ён распавёў наступнае:



"Ехаў на машыне на працу ў Ветку. Калі да горада заставалася кіламетр-паўтара, заўважыў аўтобус, які стаяў каля абочыны. З салона ішоў дым. Побач знаходзіўся кіроўца. Спачатку падалося, што несур'ёзна. Але я спыніўся, а потым зразумеў, што там людзі! Пасажырскія дзверы былі заблакаваныя. Пасажыры сталі выходзіць праз кабіну кіроўцы. Але быў ужо чорны дым, у салоне нічога не відаць. Пачалася паніка. Папрасіў у сталага пасажыра кій, разбіў ім вокны, забраўся ўнутр і стаў дапамагаць. У асноўным былі пажылыя людзі... Хоць пра ўзрост сказаць складана. Нікога ж не было відаць, людзей давялося шукаць літаральна навобмацак. Кагосьці ўдалося эвакуяваць праз акно, кагосьці — праз кабіну кіроўцы. Так, малаткі былі... Але ў той сітуацыі людзі разгубіліся, не ведалі, што рабіць. Дзякуй богу, ніхто не пацярпеў. Толькі ў мяне рука парэзаная разбітым шклом".


Фота — mchs.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі