Падаткавікі хочуць атрымаць звесткі пра рахункі беларусаў у замежжы

Падаткавікі хочуць атрымаць звесткі пра рахункі беларусаў у замежжы

Падаткавікі хочуць атрымаць звесткі пра рахункі беларусаў у замежжы. Беларусь мае намер далучыцца да міжнароднай дамовы аб аўтаматычным абмене звесткамі пра замежныя фінансавыя рахункі. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Клепча. Паводле яго слоў, апошнім часам усё часцей выкрываюцца факты незаконнага перамяшчэння беларусамі капіталу за мяжу або атрымання імі даходаў у замежных дзяржавах. Клепча кажа, што абмену інфармацыяй з падаткавікамі замежжа, які працуе на прынцыпе запыт-адказ, ужо недастаткова. "Узнікла патрэба ў атрыманні інфармацыі без запыту ў аўтаматычным рэжыме", — цытуе словы Ігара Клепчы БелаПАН.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што далучэнне Беларусі да міжнароднага пагаднення аб аўтаматычным абмене звесткамі пра замежныя фінансавыя рахункі "стварае пагрозу для дэмакратычнай часткі беларускага грамадства". Паводле яго слоў, калі падобныя пагадненні заключаюцца паміж дэмакратычнымі грамадствамі, гэта цалкам нармальна, бо спрыяе фінансавай празрыстасці і дапамагае змагацца з фінансавымі злоўжываннямі. Аднак ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму пагадненне могуць выкарыстаць "супраць дэмакратычнай часткі беларускага грамадства".

Бяляцкі мяркуе, што гэты інструмент можа быць выкарыстаны "супраць любога беларускага грамадзяніна", бо нацыянальнае заканадаўства забараняе беларусам мець рахункі за мяжой. Грамадзяне Беларусі, у якіх выявяць замежныя рахункі, будуць калі не пакараныя наўпрост, то ва ўсякім разе "трапяць пад пільную ўвагу ўладаў".

Праваабаронца не выключае, што рахункі за мяжой маюць сотні тысяч грамадзян Беларусі. Таму гэтая сітуацыя закранае вялікую частку грамадства, лічыць Алесь Бяляцкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі