Падчас канцэрта ў "Рэактары" J:морс прэзентуюць новую песню

Нягледзячы на тое, што зусім нядаўна гурт выпусціў альбом "Электричество", музыкі ўжо пачалі працу над новай праграмай і падрыхтавалі да запісу некалькі новых песень.

Адна з іх — кампазіцыя "Реальная любовь" — будзе прэзентаваная на канцэрце. Фронтмэн "Морсаў" Уладзімір Пугач пакуль не ведае, ці пачуюць фэны іншыя навінкі ад J:морс.

Уладзімір Пугач: "Мабыць, і сыграем, як атрымаецца. Усё залежыць ад рэпетыцый, якія пройдуць днямі".


Пасля канцэрта-прэзентацыі альбома "Электричество", які сабраў 4 тысячы гледачоў у Палацы спорту, J:мopc не цураюцца сыграць канцэрт у зале, ёмістасць якой у 7 разоў меншая.

Уладзімір Пугач: "І нас гэта зусім не парыць! Бо гэта якасна іншае мерапрыемства. Атрымліваеш іншыя эмоцыі, іншы зарад. Для нас істотна, каб мы самі атрымлівалі ад гэтага задавальненне, каб нас ад гэтага пёрла. Усе нашыя канцэрты, якія адбываюцца ў "Рэактары", па вялікім рахунку, так званымі вехамі для нас ужо не з’яўляюцца. І кожны раз, калі мы гэта робім, робім таму, што нам гэта падабаецца".

Дзеля таго, каб самім было весела, кажа Ўладзімір Пугач, для кожнай імпрэзы музыканты прыдумляюць нешта новае.

Уладзімір Пугач: "Прыдумваем і граем новыя песні, нягледзячы на тое, што зусім нядаўна выйшаў новы альбом і, падаецца, можна было б граць новую праграму. Узгадваем якія-небудзь старыя, забытыя песні і пачынаем граць якія-небудзь каверы. Робім усё, каб нам самім было весела! А калі энергетыка на сцэне правільная, яна перадаецца ў залу, і ўсё гэта пачынае раскачвацца, як у сінхрафазатроне — і ў пэўны момант ператвараецца ў такую правільную канцэртную атмасферу".

Да таго ж падчас імпрэзы Ўладзімір паабяцаў пералічыць 10 адрозненняў рэальнага кахання ад віртуальнага.

Уладзімір Пугач: "Насамрэч, я іх прыдумаў да халеры! У мяне іх значна больш за 10, але ж трэба і канцэрт граць, а не толькі распавядаць пра адрозненні. Таму абмяжуемся дзесяццю".


Нагадаем, выступ J:Мopc адбудзецца 13 лютага ў сталічным "Рэактары" (вул. Веры Харужай, 29), пачатак у 19:00.

Квіткі:  Br 35000-45000 (танцпляц), Br 85 000 (месца за столікам) Br 65000 (спецыяльная прапанова, квіток на 2 персоны).

Дадатковая інфармацыя і замова квіткоў па тэлефоне: +375 29 6490888.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі