Падляскае ваяводства выдаткуе звыш 340 тысяч еўра на беларускую культуру

Беларусы падчас сустрэчы з маршалкам Падляскага ваяводства

Беларусы падчас сустрэчы з маршалкам Падляскага ваяводства / racyja.com

Падляскае ваяводства выдаткуе звыш 340 тысяч еўра на дзейнасць Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку (яго будзе ўзначальваць Анатоль Вап, прадстаўнік беларускай этнічнай меншасці ў Польшчы). Пра гэта паведаміў маршалак Артур Касіцкі. 15 студзеня з ім сустракаліся беларускія дзеячы, а сярод іх — намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Асноўнымі тэмамі размовы былі — легалізацыя беларускага бізнесу, адкрыццё Цэнтра беларускай культуры і вырашэнне праблем беларускай дыяспары ў Польшчы.

Латушка падзякаваў за прынятае рашэнне аб адкрыцці Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і адзначыў значнасць дзейнасці такой арганізацыі. "У ваяводстве гістарычна пражывае найбуйнейшая група этнічных беларусаў, якая ў апошнія гады пашырылася і дзясяткамі тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь", — сказаў ён.  Паводле даных польскай статыстыкі, у Падляскім ваяводстве дзейнічае 731 кампанія з беларускім удзелам. Па гэтым параметры яно займае другое месца ў Польшчы.

Падчас сустрэчы таксама былі абмеркаваныя пытанні выкарыстання сродкаў Еўрапейскага саюза, якія раней вылучаліся на трансгранічнае супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. У сувязі з дзеяннямі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі гэтая фінансавая падтрымка была спыненая. Ваяводства звярнулася ў Еўрапейскую камісію з прапановай змяніць заканадаўства для таго, каб сродкі маглі быць выкарыстаныя на патрэбы рэгіёну і арыентаваныя на беларускую этнічную меншасць і дыяспару, а таксама на падтрымку культурных, эканамічных, сацыяльных, грамадскіх і іншых праектаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі