Падтрымаць Украіну ў яе амбасадзе ў Беларусі 24 лютага маглі толькі дыпламаты
Дыпламаты каля амбасады Украіны ў Мінску 24 лютага / facebook.com/UkrEmbMinsk
У амбсадзе Украіны ў Беларусі прайшло мерапрыемства з нагоды гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага. Дыпламаты розных краін прыйшлі выказаць падтрымку Украіне. Праз меркаванні бяспекі для звычайных беларусаў мерапрыемства было недаступнае.
— Мы наўмысна абмежавалі ўдзельнікаў мерапрыемства прадстаўнікамі дыпкорпуса, каб не падвяргаць рызыцы шараговых беларусаў, дэманстрацыя падтрымкі якіх Украіны ў гэтай вайне супраць Расіі сёння, мякка кажучы, не вітаецца тутэйшымі ўладамі, — піша амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. — Хоць некаторыя ўсё ж ужо раніцай прыносяць кветкі ў амбасаду, а таксама завязваюць сіне-жоўтыя стужкі на краты. Уласна гэта паслужыла прыкладам і заахвоціла дыпламатаў зрабіць тое ж самае. Дзякуй сябры! Разам да перамогі! Слава Украіне.
У амбасаду прыйшлі часовая павераная ў справах ЕС у Беларусі Эвеліна Шульц, пастаянная каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Эрол Ардуч, кіраўнікі дыпламатычных місій Швецыі, Польшчы, Японіі, Ізраіля і іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.