Pafnutiy's Dreams "The Sandman"

Трубач/валтарніст "Ляпісаў" Павел Кузюковіч сыходзіць на вольныя хлябы. Яго носіць па розных праектах, але найбольш поўна творчае эга Паўла раскрываецца ва ўласнай фармацыі Pafnutiy's Dreams. Стаўшы Пафнуціям Кузюкянам, музыка разам з калегамі абазначаюць сваё існаванне альбомам "The Sandman", які прадстаўляе сабой 50 хвілін арыгінальнага і ненавязлівага джазу.


"The Sandman" пагружае слухача ў стан лёгкай дрымоты, калі межы паміж сном і рэальнасцю выглядаюць эфемерна і размыта. Кароткія і лёгкія як подых ню-джазавыя замалёўкі чаргуюцца з разгорнутымі палотнамі, дзе пераплятаюцца этна і рок, танцавальная музыка і задуменны авангард. Таксама тут пераплятаюцца вобразы, карціны, адчуванні, імкненні і мары.


Інструментальны дыямент грае новымі фарбамі, калі ў п'есе "Море" з'яўляецца жаночы маналог — гэткі драматургічны цэнтр пласцінкі. Пульсуючае "Море" прапануе слухачу пранесціся над Лонданам, Стакгольмам і Брусэлем з яго брусэльскай капустай і знайсці жаданае месца дыслакацыі. Арыентальны "Восток" вымагае арэндаваць карабель і плыць да сябе паўз ціхае зіхценне хваляў. Задумлівая "Зима" — глядзець на кароткі шлях сняжынак з вакна другога паверху...


Выдадзены ў апошні дзень 2013 года "The Sandman" ад Pafnutiy's Dreams скарае свежасцю думкі і незапэцканасцю мыслення музыкаў. Чыстая музыка, створаная без намеру ўразіць і перамагчы. Проста, высока, выразна і прыгожа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі