Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні закон аб амністыі
14 траўня дэпутаты прынялі законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".
Як адзначыў у сваім выступе перад дэпутатамі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, у Беларусі заўсёды прымяняецца прынцып гуманізму да асоб, якiя адбываюць розныя віды пакарання. "Дзяржава не толькі карае, але і дае выправіцца, выйсці раней з месцаў пазбаўлення волі", — перадае БелаПАН словы міністра.
Мяркуецца, што з папраўчых устаноў закрытага тыпу (папраўчыя калоніі, выхаваўчыя калоніі, арыштныя дамы, СІЗА) вызваляць каля 2100 чалавек, з папраўчых устаноў агульнага тыпу — каля 630.
Дарэчы, пад амністыю не трапяць кіроўцы, якія кіравалі транспартам у нецвярозым стане, а таксама тыя, хто парушыў ПДР у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула смерць чалавека. Не выйдуць на волю і тыя, хто здзейсніў злачынства супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды ў дачыненні да непаўналетніх.
Шуневіч падкрэсліў, што правядзенне амністыі не акажа негатыўнага ўплыву на крымінальнае становішча ў грамадстве.
Фота — vedomosti.ru