Палітолаг пра фільм БТ: Гэта ж прапаганда, там усё выразаецца і мантуецца

Политолог о фильме БТ: Это же пропаганда, там всё вырезается и монтируется

 

Кіраўнік фонду "Украінская палітыка" Косць Бандарэнка тройчы з'яўляецца ў фільме беларускага тэлебачання "Тэлефанаванне сябру". Ён кажа пра тое, з чаго пачынаўся Майдан, пра ласых да чужых грошай радыкалаў і пра геапалітычную важнасць Беларусі для аўтараў "каляровых рэвалюцый". Еўрарадыё звязалася з палітолагам, каб высветліць, пра што яго на самой справе пыталіся аўтары фільма.

Еўрарадыё: Ужо паспелі паглядзець " Тэлефанаванне сябру"?

Косць Бандарэнка: Паглядзеў. Прапагандысцкі фільм. У традыцыях, у якіх здымаюцца прапагандысцкія фільмы. Я разумею, што ўкраінскі Майдан ― гэта ідэальная ілюстрацыя таго, як не трэба рабіць рэвалюцыю. Гэта тое, што могуць выкарыстоўваць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, і ў іншых краінах: што, маўляў, будзе, калі Майдан будзе ў вас. Так што, у дадзенай сітуацыі няма нічога дзіўнага.

Еўрарадыё: З вамі размаўлялі спецыяльна для гэтага фільма?

Косць Бандарэнка: Гэта была здымачная група, якая ўвесь час акрэдытаваная ва Украіне, яны час ад часу бяруць у мяне каментарыі па тых ці іншых падзеях. У той раз пыталіся, што такое Майдан і што ён прынёс Украіне. Як раз у нас была трэцяя гадавіна Майдана. А я да яго стаўлюся крытычна, і заўсёды быў праціўнікам любых рэвалюцый. Адпаведна, даў дастаткова жорсткі каментарый.

Видэа: "Беларусь-1"

Еўрарадыё: Ваша рэпліка пра тое, як следам за жадаючымі заплаціць за рэвалюцыю, з'яўляюцца радыкалы, якія жадаюць "асвоіць" сродкі, было сказана пра беларускую сітуацыю?

Косць Бандарэнка: Гэта ва ўсіх краінах так. Не датычна Беларусі, Украіны. Усюды, дзе з'яўляецца фінансаванне, адразу ж з'яўляюцца людзі, гатовыя ператварыць рэвалюцыю ў бізнес. Гэта яшчэ ў XIX стагоддзі апісана і Дастаеўскім, і іншымі. І ў Еўропе апісвалася неаднаразова, узяць хоць бы вядомую фразу, якую прыпісваюць, Карлейлю ["Рэвалюцыю задумваюць рамантыкі, ажыццяўляюць фанатыкі, а карыстаюцца яе пладамі адпетыя нягоднікі". ― Еўрарадыё]. Рэпліка абсалютна універсальная, а сітуацыю ў беларускай апазіцыі, хто там і што, і хто каму Рабіновіч, я не ведаю. Больш за тое, менш за ўсё я хацеў бы ўмешвацца ў беларускія справы. Я не прыхільнік ні беларускай улады, ні беларускай апазіцыі. І мы казалі пра тое, як гэта [рэвалюцыі. ― Еўрарадыё] адбываецца ў цэлым.

Еўрарадыё: Але пра Беларусь усё-такі размаўлялі.

Косць Бандарэнка: Мы казалі пра ўнікальнае геапалітычнае становішча Беларусі. Бо транзіт з Расіі ў Еўропу і назад праз тэрыторыю Украіны спыніўся, і цяпер увесь транзіт ідзе праз тэрыторыю Беларусі. Таму рана ці позна Беларусь стане цікавая многім гульцам. Такія краіны, як правіла, прыцягваюць увагу і аўтараў "каляровых рэвалюцый", пра тэхналогіі Джына Шарпа таксама размаўлялі. Але я не магу ўмешвацца ў працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, гэта было б няправільна.

Еўрарадыё: Каго вы мелі на ўвазе пад гульцамі, якія зацікаўленыя ў Беларусі?

Косць Бандарэнка: Калі б мне дзесяць гадоў таму, у 2004 ці нават у 2008, 2012 годзе, задалі такое пытанне, я б адназначна сказаў, што гэта Захад. Але сёння Расія больш зацікаўленая ў гульнях у Беларусі ― каб зрабіць яе больш кантраляванай, зразумелай і прагназуемай, асабліва, улічваючы няпростыя адносіны паміж кіраўніцтвамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

Еўрарадыё: Але ў фільме быў зроблены акцэнт менавіта на Захадзе.

Косць Бандарэнка: Я гэта заўважыў. Больш за тое, я бачу, што там і Руслан Бортнік, погляды якога я ведаю, і відавочна, што ў фільме некаторыя моманты былі выкарыстаныя... Але гэта прапаганда. А ў прапагандзе можна выкарыстоўваць усё, што толькі можна выразаць і змантаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі