Палітвязня Статкевіча пазбавілі харчовай перадачы і кароткага спаткання

Адміністрацыя шклоўскай калоніі рэзка ўзмацніла ціск на экс-кандыдата  ў прэзідэнты Міколу Статкевіча. Цягам апошняга тыдня яму вынеслі шэраг спагнанняў і склалі на яго восем актаў. Сярод іншага, Статкевіч пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з жонкай, якое планавалася ў красавіку, а таксама харчовай перадачы. Апроч таго, ён быў змешчаны на трое сутак у штрафны ізалятар, а 3 красавіка — на два месяцы пераведзены ў памяшканне камернага тыпу. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.

Па словах жанчыны, у Статкевіча пачаліся праблемы з адміністрацыяй адразу пасля пераводу ў шклоўскую калонію з магілёўскай турмы. Калі ж 24 сакавіка ён напісаў заяву аб адмове ад працы па самаабслугоўванні (мелася на ўвазе прыборка тэрыторыі), ціск узмацніўся.

Марына Адамовіч патлумачыла, што паводле заканадаўства такую працу ўсе зняволеныя павінны выконваць па чарзе, прычым не болей за дзве гадзіны на дзень. Аднак у выпадку са Статкевічам гэтыя нормы не дзейнічалі і ён расцаніў гэта як узаконены здзек.

Жонка палітыка не выключае, што супраць яго “рыхтуецца новая справа”, у выніку чаго Статкевічу або могуць працягнуць тэрмін пакарання, або зноў перавесці ў турму.

Мікола Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011 года ён быў асуджаны да шасці год пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў.

Статкевічу шмат разоў прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але кожны раз ён адмаўляўся гэта рабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі