Памежнікі РБ скардзяцца на ўкраінцаў: запускаюць дроны, вывешваюць БЧБ-сцягі

Беларускі памежнік / gpk.gov.by
Беларускі памежнік / gpk.gov.by

Беларускія памежнікі зноў скардзяцца на ўкраінскіх калег і вінавацяць іх у правакацыях. Прэтэнзіі агучыў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо.

Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, уздоўж мяжы лятаюць дроны, часам яны выпадкова залятаюць на беларускую тэрыторыю. Памежнікі ўжываюць зброю, збіваюць беспілотнікі. 

Таксама Лапо паскардзіўся на пашкоджанне памежнай інфраструктуры. "Украінскі бок дэмаркацыю спыніў у аднабаковым парадку, мы працуем далей. Ставім памежныя слупы, робім дарогі, інжынерныя збудаванні. Каму перашкаджае памежны слуп? Там наша сімволіка. Мы таксама глядзець не будзем", — заявіў кіраўнік беларускіх памежнікаў.

Раздражняе яго і тое, што ва ўкраінскіх пунктах пропуску побач з украінскімі з'явіліся і бел-чырвона-белыя сцягі.

"Навошта? У мяне як у грамадзяніна Беларусі, вайсковага чалавека-гэта [дзяржаўны сцяг] сімвал дзяржавы. Вось такія дробныя паскудствы, правакацыі. Мы на іх не адказваем, але калі будзе нашай бяспецы пагроза, адкажам на поўную сілу", — пагражае Лапо.

Апошнім часам беларускія памежнікі перыядычна скардзяцца на ўкраінскіх калег — і за ўмацаванне мяжы з Беларуссю, і за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў, і за непрыстойныя жэсты.

У красавіку ўкраінцы паставілі на мяжы праектар і паказалі на беларускі бок фільм пра ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі