Памёр выдатны беларускі літаратуразнаўца Арсень Ліс
Памёр выдатны беларускі літаратуразнаўца, фалькларыст, гісторык, літаратар Арсень Ліс. Яму было 84 гады. У апошнія гады ён моцна хварэў.
Ліс быў выдатным спецыялістам па літаратурным і грамадска-палітычным жыцці ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921 -1939). Ён напісаў грунтоўныя кнігі пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча, Міколу Шчакаціхіна, Пётру Сергіевіча, Язэпа Горыда. Арсень Ліс укладаў шматлікія зборнікі, пісаў сцэнары для дакументальных фільмаў. У савецкія часы навуковец працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук, уваходзіў у нефармальнае аб'яднанне беларускіх патрыётаў, быў пад наглядам.
Арсень Ліс — аўтар цікавых успамінаў, якія друкаваў у газеце "Новы час".
Фота: novychas.by