Папе Рымскаму падарылі “камуністычнае распяцце”
Ісус Хрыстос укрыжаваны на сярпе з молатам.
Прэзідэнт Балівіі Эва Маралес падараваў Папе Рымскаму Францішку нестандартнае распяцце ў выглядзе сярпа і молата, паведамляюць замежныя СМІ са спасылкай на La Vanguardia.
Апазіцыйныя балівійскія СМІ раскрытыкавалі кіраўніка краіны, аднак міністр фінансаў Марыянела Пака ў адказ нагадала, то гэтае распяцце з’яўляецца копіяй працы святара-езуіта Луіса Эспінала, забітага ў Ла-Пасе ў 1980 годзе за праваабарончую дзейнасць. Маўляў, гэты крыж мае вельмі глыбокі сэнс і сімвалізуе саюз царквы і “пакорных працаўнікоў”, якімі з’яўляюцца рабочыя і сяляне. Пры гэтым Пака падкрэсліла, што крыж быў падораны пантыфіку, бо яго называюць “Папай беднякоў”.
Сам Францішак Першы не выказаў негатыўнай рэакцыі на падарунак балівійскага лідара.
Цяпер Папа Рымскі робіць турнэ па краінах Лацінскай Амерыкі. У чацвер, выступаючы ў балівійскім горадзе Санта-Крус, ён папрасіў даравання за злачынствы, здзейсненыя каталіцкай царквой падчас каланізацыі Амерыкі.
Фота: REUTERS