Парад у гонар Перамогі пасярод пандэміі каранавіруса
9 траўня, нягледзячы на рост колькасці выпадкаў COVID-19 у Беларусі, у Мінску прайшоў маштабны парад, праходзяць і іншыя масавыя мерапрыемствы ў гонар 75-годдзя Перамогі. Большасць гледачоў, якія прыйшлі на парад, былі без ахоўных масак.
"Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам... І падумайце, што скажуць людзі. Можа не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спужаліся", — заявіў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар адправіў святочныя віншаванні Дональду Трампу, каралеве Лізавеце ІІ, Эмануэлю Макрону, Уладзіміру Пуціну, Сі Цзіньпіну і іншым лідарам "Антыгітлераўскай кааліцыі". Дарэчы, Расія і Кітай адхілілі запрашэнне беларускага боку, не пусціўшы сваіх ваенных у Мінск на парад.
У парадзе ўзялі ўдзел 3000 вайскоўцаў, 185 адзінак тэхнікі, 42 паветраных судны. Трыбуны разлічаны на 11 тысяч гледачоў. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка паабяцаў нікога "не заганяць" на мерапрыемства, многія студэнты распавялі пра "бонусы", якія ім прапануюць за ўдзел у парадзе, таксама вядома пра дзіўныя званкі з прапановамі паглядзець парад у віп-ложы тым, хто выпісаўся з лякарняў пасля заражэння каранавірусам. Лукашэнка гэта фактычна пацвердзіў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.