Паранены ў Стоўбцах школьнік: Я хацеў выратаваць настаўніцу
Тэлеканал АНТ паразмаўляў са школьнікам Уладзіславам Цвірко, пацярпелым падчас нападу 11 лютага. Тады ў сярэдняй школе № 2 у Стоўбцах 10-класнік Вадзім М. учыніў напад з нажом у руках, загінула настаўніца Марына Пархімовіч і вучань Аляксандр Р. Цвірко — адзін з двух пацярпелых, што спрабавалі спыніць Вадзіма.
"Я хацеў выратаваць настаўніцу, ну і клас, — кажа хлопец. — Амаль абараніў, акрамя настаўніцы".
Уладзіслаў Цвірко знаходзіцца ў бальніцы, напярэдадні яго перавялі з рэанімацыі ў хірургію. Ён кажа, што калі б ведаў, што яго раняць, усё роўна паспрабаваў бы абараніць настаўніцу і аднакласнікаў.