Парашэнка заявіў, што на Данбасе не замарожаны канфлікт, а сапраўдная вайна
На Данбасе ідзе сапраўдная вайна, а не замарожаны канфлікт. Так ацаніў сітуацыю прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў інтэрв'ю брытанскаму тэлеканалу Sky News, перадае яго прэс-служба.
"Некаторыя спрабуюць называць гэта замарожаным канфліктам. Падкрэсліваю, што ён не замарожаны. А гэта — гарачая расійская агрэсія супраць маёй краіны", — падкрэсліў Парашэнка.
Па яго словах, ад пачатку 2017 года былі забітыя 69 украінскіх вайскоўцаў і больш за 420 — параненыя. На думку кіраўніка Украіны, гэтыя страты сведчаць пра сапраўдную "гарачую" вайну і рэальную агрэсію. парашэнка дадаў, што на акупаванай украінскай тэрыторыі знаходзяцца больш за 700 расійскіх танкаў, больш за 1250 артылерыйскіх сістэм, звыш 300 ракетных сістэм залпавага агню.
Кіраўнік Украіны заклікаў працягнуць ціск на Расію, каб спыніць забойства ўкраінцаў. Ён падкрэсліў важнасць сусветнай салідарнасці з Украінай. Парашэнка падзякаваў ЗША, ЕС, Вялікабрытаніі, Японіі, Канадзе, Аўстраліі за падтрымку Украіны.
У сваім інтэрв'ю ўкраінскі прэзідэнт падкрэсліў, што Расія вядзе "гібрыдную вайну" супраць іншых краін. Праявамі гэтай вайны ён назваў элементы Кібератакі, фінансаванне папулістаў і антыўрадавых рухаў для дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі. На думку Парашэнкі, Расія не хоча мець моцную і аб'яднаную Еўропу.