Пасля памылкі медыкаў жыхарка Гомеля два месяцы лічылася памерлай
Суд аднавіў жанчыну ў спісе жывых (ілюстрацыйнае фота)
Пасля памылкі медыкаў жыхарка Гомеля два месяцы лічылася памерлай. Запіс акта аб смерці быў ануляваны праз суд. Пра гэтую дзіўную гісторыю, якая адбылася тры гады таму, распавядае gomel.media.
Сёлета суд Цэнтральнага раёна Гомеля разглядаў іск мясцовага жыхара да ўстановы аховы здароўя аб пакрыцці матэрыяльнай і маральнай шкоды. У якасці суадказчыкаў былі аддзел запісу актаў грамадзянскага стану і адміністрацыя Савецкага раёна. Высветлілася, што ў канцы лютага 2021-га мужчыне патэлефанавалі з бальніцы і сказалі, што яго маці, якую шпіталізавалі за некалькі дзён да гэтага, памерла. У аддзеле ЗАГС мужчына атрымаў пасведчанне аб смерці і заняўся арганізацыяй пахавання.
Выданне мяркуе, што, верагодна, праз каранавірусныя абмежаванні, якія дзейнічалі ў той час, сваякі і блізкія ўбачылі твар нябожчыцы толькі перад самым разьвітаннем. Падчас адпявання высветлілася, што ў труне чужы чалавек! Калі патэлефанавалі ў бальніцу, там сказалі, што маці жывая. У іску ў суд мужчына адзначыў, што гэтая гісторыя прычыніла яму маральныя пакуты, якія дагэтуль "выклікаюць у яго неспрыяльныя псіхічныя перажыванні". Ён прасіў суд кампенсаваць прычыненую яму матэрыяльную шкоду ў памеры 1877 рублёў (кошт пахавальных прыладаў і паслуг). Маральную шкоду мужчына ацаніў у 20 тысяч рублёў. Яшчэ 176 рублёў ён прасіў спагнаць як судовыя выдаткі, панесеныя ім пры разглядзе грамадзянскай справы па іску аб ануляванні запісу акта аб смерці маці.
З бальніцы на карысць жыхара Гомеля спагналі 1701,36 рубля ў лік кампенсацыі матэрыяльнай шкоды і 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Яшчэ па 196 рублёў спагналі на карысць мужчыны з медыкаў і адміністрацыі Савецкага раёна за панесеныя судовыя выдаткі. А вось іск да аддзелу ЗАГС не задаволілі.
У судовым рашэнні тлумачыцца, як адбылася памылка. "У сувязі з транспартаваннем пацыентаў без медычнай дакументацыі" работнікі бальніцы пераблыталі прозвішчы пацыентаў, што і прывяло да памылковага паведамлення аб смерці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.