Пасля загаду Лукашэнкі "пасыпаліся" навіны пра кантрафактны алкаголь
Пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі цягам сутак адмяніць забарону на продаж алкаголю ўначы "пасыпаліся" навіны пра кантрафактны алкаголь. У Мінску выхавацелька дзіцячага садка везла ў сваім аўтамабілі 108 літраў нелегальнага алкаголю на суму каля 700 долараў. У Аршанскім раёне затрымалі жыхара Брэсцкай вобласці, які на машыне вёз 2 тысячы бутэлек гарэлкі, у тым ліку і сфальсіфікаванай. У Гомельскай вобласці спынілі "Пежо", у якім яшчэ двое жыхароў Брэстчыны везлі паўтысячы бутэлек кантрафактнай гарэлкі і 76 каністраў спіртазмяшчальнай вадкасці.
Цікава, што ў зводках МУС за два апошнія тыдні няма ніводнай згадкі пра кантрафактны алкаголь (былі толькі некалькі згадак пра самагоншчыкаў, але яны там з'яўляюцца рэгулярна). І вось 3 кастрычніка на сайце міністэрства з'яўляецца інфармацыя, якая пачынаецца наступнымі словамі: "Супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэспублікі працягваюць мэтанакіраваную працу па выяўленні каналаў паступлення фальсіфікаванай алкагольнай і спіртазмяшчальнай прадукцыі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі". Падкрэсліваецца, што з больш чым 15 тысяч літраў фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі і амаль 70,5 тысячы літраў спірту, канфіскаваных у студзені-жніўні 2018-га, большасць прадукцыі ўвозілася менавіта з Расіі.
Як паведамляла Еўрарадыё, 2 кастрычніка Лукашэнка распарадзіўся на працягу сутак адмяніць абмежаванні на продаж алкаголю ўначы з 23.00 да 07.00. Такая забарона была ўведзеная ў парадку эксперыменту з 1 кастрычніка ў сталіцы і месцамі на раённым узроўні. Мінгарвыканкам аператыўна адмяніў сваё рашэнне пра начны "сухі закон". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што змагацца з п'янствам і алкагалізмам трэба не аднабокімі забаронамі, якія толькі прыводзяць да росту ценявога рынку і крымінальнай сферы, у тым ліку да павелічэння прапановы кантрафактнай прадукцыі.