"Паспяховая" дрэваапрацоўка зноў атрымлівае датацыі з бюджэту

$4 млрд і намаганняў Банка развіцця не хапіла, каб выратаваць дрэваапрацоўку / bellesbumprom.by
$4 млрд і намаганняў Банка развіцця не хапіла, каб выратаваць дрэваапрацоўку / bellesbumprom.by

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці зноў атрымаюць дапамогу дзяржавы. Частку адсоткаў па крэдытах, якія прадпрыемствы бралі пад інвестпраекты, пакрые Мінфін. Ён жа верне частку асноўных даўгоў у 2021 годзе. І гэта пасля стварэння дрэваапрацоўчага холдынга і ўлівання сродкаў у мадэрнізацыю.

— Пакрыццё адсоткаў ажыццяўляецца Міністэрствам фінансаў у межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту, — гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў ад 12 сакавіка 2021 года №143.

Прэферэнцыі атрымаюць "Івацэвічдрэў", Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, ААТ "Кіраўнічая кампанія холдынга "Беларускія шпалеры", Завод газетнай паперы, "Гомельдрэў", "Мастоўдрэў", "Рэчыцадрэў". Апошнія тры ў 2016 годзе ўвайшлі ў холдынг дрэваапрацоўчай прамысловасці пад кіраваннем Банка развіцця. Тады дзевяць прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, якія знаходзіліся ў крызісным стане, былі аб'яднаны для мадэрнізацыі і пабудовы эфектыўнай вытворчасці. На іх тэхнічнае перааснашчэнне было выдаткавана $4 млрд.

Вяртаць грошы, відаць, зноў не давядзецца. "Беллеспаперапрам" і Дзяржкаммаёмасць павінны да 1 красавіка ўнесці праекты нарматыўных прававых актаў аб павелічэнні долі дзяржавы ў статутных фондах гэтых прадпрыемстваў, акрамя "Рэчыцадрэў" і "Кіраўнічая кампанія холдынга "Беларускія шпалеры", менавіта на сумы дапамогі, якая аказваецца.

У пастанове адзначаецца, што калі прадпрыемствы не выйдуць на запланаваныя паказчыкі, то персанальная адказнасць ляжа на іх кіраўнікоў.

Нядаўна дзяржава спісала даўгі Беларускаму металургічнаму заводу. На думку кіраўніка праекта Open Tenders Уладзіміра Кавалкіна, таму дэфіцыт бюджэту мог вырасці з 4 млрд рублёў да 5,6 млрд рублёў ва ўдакладненым плане Мінфіна. Магчыма, разрыў паміж даходамі і расходамі зноў павялічыцца пасля таго, як Мінфін разлічыцца з даўгамі дрэваапрацоўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі