"Іран здзейсніў вялікую памылку, і ён за яе заплаціць" — прэм'ер Ізраіля
Іран напярэдадні нанёс ракетны ўдар па Ізраілі
Ракетная атака на Ізраіль спынена, калі не будзе далейшых "правакацый". Аб гэтым заявіў раніцай у сераду ў сацсетках міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы. "У гэтым выпадку наш адказ будзе мацнейшы і магутнейшы", — дадаў ён.
Нагадаем, напярэдадні Тэгеран нанёс найбуйнейшым у гісторыі ракетны ўдар па Ізраілі. У Іерусаліме і даліне ракі Іардан грымелі выбухі, а ўсяму насельніцтву было загадана перабрацца ў бамбасховішчы. У Ізраілі гавораць, што людзі не пацярпелі, але на акупаваным Заходнім беразе ракі Іардан загінуў адзін чалавек, піша Reuters. У Іране кажуць, што гэта была абарончая кампанія, і што мэтай былі толькі вайсковыя аб'екты.
Ізраіль ужо паабяцаў прыняць меры ў адказ супраць Тэгерана. "Іран зрабіў вялікую памылку, і ён за яе заплаціць", — сказаў ізраільскі прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху ў пачатку надзвычайнага пасяджэння кабінета міністраў у аўторак вечарам. У Вашынгтоне таксама заявілі, што маюць намер падтрымаць даўняга саюзніка Ізраіль, і што Іран сутыкнецца з "сур'ёзнымі наступствамі" за гэтую атаку.
У сераду раніцай Ізраіль аднавіў бамбаванне паўднёвых прыгарадаў Бейрута. Авіяудары наносяцца па аб'ектах, якія належаць узброенай групоўцы "Хезбала", гавораць у Тэль-Авіве. Савет Бяспекі ААН запланаваў на сераду пасяджэнне па Блізкім Усходзе, а Еўрапейскі саюз заклікаў да неадкладнага спынення агню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.