Вайна, эканоміка, выбары: што варожкі і таролагі прадракаюць Беларусі ў 2025 год

Предсказания для Беларуси на 2025

Усё складана / Unsplash

Рознага кшталту астролагі, варажбіткі і таролагі даюць прагнозы не толькі для знакаў задыяка ці асобна ўзятых людзей — нярэдка яны імкнуцца зазірнуць у будучыню і зрабіць прадказанні для цэлых краін, у тым ліку для Беларусі. Ужо некалькі гадоў Еўрарадыё з цікавасцю сочыць за тым, што прадказваюць нашай краіне, — часам прагнозы бываюць дакладнейшымі, чым у аналітыкаў, але нярэдка і памыляюцца (напрыклад, сыход Лукашэнкі майстры таро абяцаюць ужо некалькі гадоў запар).

Што астролагі, таролагі і іншыя варожкі розных гатункаў прадракаюць Беларусі ў 2025 годзе? Ці ўступіць краіна ў вайну, ці сыдзе Лукашэнка і якая ў цэлым будзе сітуацыя? Пераказваем найбольш папулярныя прагнозы.

Прагноз астролагаў пра вайну і інтэграцыю

Таццяна Калініна, кіраўніца школы прагнозаў "Альфа", выпусціла адмысловае відэа з астралагічным прадказаннем для Беларусі на 2025 год.

Калініна склала некалькі гараскопаў для Беларусі, адзін з іх прысвечаны лёсу суверэнітэту краіны, яшчэ адзін — выбарам прэзідэнта.

У вайну, кажа астролаг, Беларусь у 2025 годзе не ўступіць. За гэта трэба падзякаваць збегу планет у сёмым доме. "У цэлым Беларусь можа стаць пляцоўкай для перамоў, важных нейкіх падзей міжнародных", — адзначае астролаг.

Таксама Калініна адзначае наяўнасць планеты Кету ў гараскопе Беларусі на 2025 год — гэта павінна прадвяшчаць эканамічныя і фінансавыя праблемы, бо апошнім разам у прагнозе для краіны яна з'яўлялася ў 2008-2010 гадах. Але добрая навіна ў тым, што пасля 23 лютага 2025-га планета сыдзе.

Война, экономика, выборы. Что гадалки и тарологи пророчат Беларуси на 2025 год

У гараскопе на дату прэзідэнцкіх выбараў астролаг адзначае, што "ўсё будзе спакойна, але Марс дае нейкае напружанне".

"Будуць прадпрымацца нейкія засцерагальныя дзеянні, але ў цэлым будзе ОК", — асцярожна прадказвае астролаг Калініна.

Астролагі блога ASTROBEL у гараскопе для Беларусі на 2025-ы кажуць, што на выбарах "сюрпрызаў не чакаецца", аднак будзе "самаўхіленне" Лукашэнкі і падрыхтоўка сцэнарыяў магчымага транзіту ўлады ў краіне.

Мяркуючы па гараскопе праекта, у вайну Беларусь таксама не ўступіць, няма і пагроз страты суверэнітэту і паглынання Расіяй. Таксама астролаг адзначае, што знешняя палітыка ў наступным годзе будзе актыўнай. Не чакаецца, калі верыць прадказанню, і нейкіх сур'ёзных крызісаў у эканоміцы.

Карты таро пра эканоміку і ўладу ў Беларусі

Прадказаннямі карт таро для Беларусі на 2025 год зацікавілася таралагіня Ганна Яфрэмава. Напрыклад, яна спытала пра сітуацыю ў эканоміцы краіны, і карты ёй сказалі, што ўсё будзе трымацца "на старых запасах". Будзе і спроба знайсці падтрымку ў міжнародных партнёраў, але гэта дапаможа толькі "выраўнаваць сітуацыю да дапушчальнай".

“У мяне агульнае адчуванне: для краіны нейкая замарожаная сітуацыя. Быццам бы вы, беларусы, знаходзіцеся ў нейкай скрынцы, на старых запасах... нейкія актыўныя ўліванні, рух, эканамічны рост — гэтага пакуль няма", — кажа спецыялістка ў таро.

Спытала Яфрэмава і пра магчымыя перамены ва ўладзе Беларусі ў наступным годзе. Ёй выпала карта "Смерць", якую таралагіня расшыфравала як "балючую трансфармацыю".

"Пагроза ўладзе ствараецца ад таго, што недастаткова падтрымкі, якая была раней... Улада будзе змагацца да апошняга за сваё месца", — дадае Ганна Яфрэмава.

Прамога адказу на пытанне "ці сыдзе Лукашэнка" таралагіня не дае, кажа толькі, што "хтосьці сыдзе, хтосьці прыйдзе, але гэта будзе толькі заслона", і адзначае "моцны жаночы пачатак" у спробах уздзеяння на беларускае грамадства.

Война, экономика, выборы. Что гадалки и тарологи пророчат Беларуси на 2025 год

Больш падрабязнае прадказанне на таро для Лукашэнкі на 2025-ы дае таралагіня канала “Аўрора. Містыка”. Яна кажа, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудзецца "нешта разбуральнае", але сам Лукашэнка застанецца ва ўладзе.

"Для яго стабільна ўсё, але ворагаў адолець цяжка, пакуль не атрымліваецца", — дае прагноз анлайн-варожка.

Што прадказвалі Беларусі ў мінулыя гады?

Вы можаце азнаёміцца з прагнозамі варожак для Беларусі на мінулыя гады — напрыклад, на 2024 і 2023.

Сярод прагнозаў гучалі і такія, што "хтосьці важны сыдзе", і нават пра "планы па нейтралізацыі Лукашэнкі". Адзін з папулярных анлайн-майстроў таро, Рамір, прадказваў сыход Лукашэнкі ва ўсе гады пасля 2020-га. Пакуль што, як бачым, карты яго падманвалі.

Часта анлайн-вяшчункі прадказвалі і заканчэнне вайны паміж Расіяй і Украінай. У гэтым яны пакуль што таксама не мелі рацыі.

Чаму расце цікавасць да гараскопаў і варожбаў?

Калі аналізаваць дынаміку пошукавых запытаў у Google, усплёск цікавасці да тэмы гараскопаў і карт таро прыйшоўся на 2020 год — пачатак пандэміі і выбараў у Беларусі. Але з тых часоў колькасць запытаў "таро" ў краіне працягвае расці, з'явілася мноства папулярных блогаў у сацсетках і на ютубе і сапраўдныя "зоркі" ў гэтай сферы, як ўкраінка Анжэла Перл, якая жыве ў Аўстраліі.

Псіхолагі і антраполагі тлумачаць гэтую з'яву пачуццём няўпэўненасці і патэнцыйнай небяспекі. Пры дапамозе рознага роду прадказанняў, калі няма магчымасці дакладна ведаць, што чакае наперадзе, на фоне рэпрэсій і вайны, карты таро і гараскопы дазваляюць ствараць ілюзію кантролю будучыні. Пра гэта ёсць шмат навуковых прац, напрыклад, раз і два.

Калі вы адчуваеце моцную трывогу — звярніцеся да псіхолага або псіхатэрапеўта. Еўрарадыё пісала пра тое, дзе ў Беларусі можна атрымаць адпаведную дапамогу бясплатна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі