"Нехта важны сыдзе". Што прадракаюць Беларусі ў 2024 годзе
Што прадказваюць для Беларусі?
Чым вышэй ступень трывогі і нявызначанасці ў грамадстве, тым большая вера ў прадказанні, абрады і іншыя паранармальныя з'явы — карэляцыя, якую даўно выявілі навукоўцы. Беларусы ўжо не першы год жывуць пад страшным ціскам і з абсалютна незразумелай будучыняй, таму высокая цікавасць да простых адказаў на пытанне "што нас чакае наперадзе" цалкам зразумелая. Не забудземся і на тое, што многія любяць глядзець прадказанні дзеля забавы — напрыклад, каб параўнаць, што потым спраўдзілася (можаце паглядзець агляд мінулага года).
Тады што ж астролагі і майстры таро прадказваюць Беларусі і Лукашэнку ў 2024 годзе? Сабралі невялікі агляд для самых цікаўных.
"Нехта сыйдзе"
Нехта вельмі важны ў палітычных адносінах альбо Расіі, альбо Беларусі, пакіне сваю пасаду і наогул палітычную арэну ў 2024 годзе — такі прагноз дае астролаг Зоя Клімюк. Але, кажа яна, важныя людзі — гэта не толькі Лукашэнка ці Пуцін, але і ваеначальнікі, і некаторыя іншыя. Напрыклад, кепскі прагноз Клімюк дае Рамзану Кадыраву — астролаг кажа, што ён "занадта заігрывае" і гэта "выйдзе яму бокам".
Астролаг Аляксей Кірычэнка глядзіць на 2024-ы па-іншаму. Ацаніўшы супрацьстаянне Сатурна Сонцу, ён робіць выснову, што Лукашэнка будзе адчуваць процістаянне "халоднай энергіі". І кажа: так было ў траўні 2023-га, калі яму было дрэнна на парадзе ў Маскве.
Кірычэнка, аглядаючыся на зоркі, лічыць, што ў 2024-м у палітыцы Лукашэнкі пачнуцца нейкія змены і ён пачне крыху больш глядзець у будучыню. Праз вонкавыя абмежаванні, кажа астролаг, ён не зможа далей быць "рэтраградным палітыкам".
"Шмат таямніц"
Калі глядзець прагнозы таро, ясней будучыня Беларусі ў 2024 годзе не становіцца. Прадказальніца і аўтарка блога Elena Tarot прадракае краіне "шмат таямніц".
"Кароль жэзлаў для Беларусі — нехта далёкі і замежны, мабыць... Якіясьці чаканні, паездкі могуць быць. І ўсё таемна", — кажа яна.
Таемнымі, па словах прадказальніцы, могуць быць нейкія перамены, у тым ліку ў цэлым у краіне. У цэлым 2024-ы Алена назвала "нармальным".
Прадказальніца Крысціна з блога "Такі расклад" спытала ў карт не пра сыход Лукашэнкі, а пра тое, ці пачнуць зноў лётаць самалёты з Беларусі ў Еўропу. Калі коратка: пакуль што не.
А вось украінскі майстар таро Рамір на сваім ютуб-канале з больш чым 100 тысячамі падпісчыкаў паведаміў, што ўзмацненне санкцый прывядзе-ткі ў 2024 годзе да пераменаў у Беларусі. Ён таксама выказаў амаль што прадказальніцкую сенсацыю: ужо ёсць "план" па сыходу і нейтралізацыі Лукашэнкі — як вобразна сказаў Рамір, "архангел ужо затрубіў". Па словах прадказальніка, "ліквідацыя" палітыка (значэнне слова ён не ўдакладняе) адбудзецца ў другой палове года.
Дарэчы, Рамір даваў прагнозы пра сыход Лукашэнкі на 2021 і 2022 год.
Цікавасць да прадказанняў расце. Чаму?
Калі аналізаваць дынаміку пошукавых запытаў у Google, усплёск цікавасці да тэмы гараскопаў і карт таро прыпаў на 2020 год — пачатак пандэміі і выбараў у Беларусі. Але з тых часоў колькасць запытаў "таро" ў краіне працягвае расці, з'явілася мноства папулярных блогаў у сацсетках і на ютубе і сапраўдныя "зоркі" ў гэтай сферы, як украінка Анжэла Перл, якая жыве ў Аўстраліі.
Псіхолагі і антраполагі, як мы згадвалі вышэй, тлумачаць гэтую з'яву пачуццём няўпэўненасці і патэнцыйнай небяспекі. Пры дапамозе рознага кшталту прадказанняў, калі няма магчымасці дакладна ведаць, што чакае наперадзе, на фоне рэпрэсій і вайны, карты таро і гараскопы дазваляюць ствараць ілюзію кантролю будучыні. Пра гэта ёсць шмат навуковых прац, напрыклад, раз і два.
Калі вы адчуваеце моцную трывогу — звярніцеся да псіхолага або псіхатэрапеўта. Еўрарадыё пісала пра тое, дзе ў Беларусі можна атрымаць адпаведную дапамогу бясплатна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.