Гэта датычыць кожнага: лічбы і факты пра псіхічнае здароўе
На ментальны разлад пакутуе кожны восьмы
Ментальнае здароўе — універсальнае права чалавека. Менавіта пад такім лозунгам 10 кастрычніка адзначаюць Сусветны дзень псіхічнага здароўя. Навошта наогул такая памятная дата? Усё проста: каб прыцягваць увагу да гэтай тэмы, павышаць дасведчанасць наконт псіхічных разладаў і пазбаўляцца стыгмы, звязанай з імі. Таму што быць не ў парадку — гэта нармальна, як і, напрыклад, хварэць на прастуду.
У гэтую дату публікуем цікавыя і важныя факты і лічбы пра псіхічнае здароўе.
Кожны восьмы пакутуе ад такіх праблем
Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), кожны восьмы жыхар планеты мае тыя ці іншыя праблемы з ментальным здароўем. Улічваючы тое, што на сёння насельніцтва Зямлі складае восем мільярдаў, гэта праблема як мінімум мільярда людзей. Падумайце толькі!
Гінуць маладыя
Суіцыд, часта справакаваны псіхічным разладам, — чацвёртая па распаўсюджанасці прычына смерці людзей ва ўзросце 15-29 гадоў, кажуць у СААЗ.
Шматгадовыя дадзеныя назіранняў у ЗША паказваюць, што самагубствы складаюць амаль аднолькавую з забойствамі прапорцыю сярод усіх прычын смерці моладзі.
Пасля COVID-19 стала больш пацыентаў
Паводле СААЗ, пасля пачатку пандэміі каранавіруса колькасць дэпрэсіўных разладаў вырасла на 28%, трывожных — на 26%.
Акрамя таго, посткавід (таксама званы "доўгім кавідам") нярэдка прыводзіць да з'яўлення псіхічных разладаў, кажуць навукоўцы.
Больш за ўсё — дэпрэсій і трывог
Атрымаць дапамогу ў Беларусі можна бясплатна
У Беларусі ёсць магчымасць атрымаць бясплатную дапамогу доктара-псіхатэрапеўта. Напрыклад, у Мінску за рознымі паліклінікамі замацаваныя дактары, расклад можна глядзець тут. Пры жаданні можна схадзіць ананімна, гэта будзе платны прыём, але ў паліклініках гэта нядорага.
Атрымаць дапамогу псіхатэрапеўта або псіхолага можна і ў іншых буйных гарадах.
Нумары службы экстраннай псіхалагічнай дапамогі ў Беларусі:
Брэсцкая вобласць: г. Брэст: 8 (0162) 25 57 27 (кругласутачна);
Віцебская вобласць: г. Віцебск: 8 (0212) 61 60 60 (кругласутачна);
Гомельская вобласць: г. Гомель: 8 (0232) 31 51 61 (кругласутачна);
Гродзенская вобласць: 8 (0152) 39 83 31 (кругласутачна), 8 (0152) 39 83 28 (кругласутачна);
Магілёўская вобласць: г. Магілёў: 8 (0222) 71 11 61 (кругласутачна);
г. Мінск: для дарослых: 8 (017) 352 44 44 (кругласутачна), 8 (017) 304 43 70 (кругласутачна); для дзяцей: 8 (017) 263 03 03 (кругласутачна);
Мінская вобласць: 8 (017) 270 24 01 (кругласутачна), 8 (029) 899 04 01 (кругласутачна);
Рэспубліканская "Дзіцячая тэлефонная лінія": 8 (801) 100 16 11 (кругласутачна).
Будзьце здаровыя і беражыце сябе і сваіх родных!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.