Восень прынесла з сабой хандру: што такое сезонная дэпрэсія

Сезоннае афектыўнае расстройства — не "проста туга", а нагода звярнуцца да лекара / iStock
Сезоннае афектыўнае расстройства — не "проста туга", а нагода звярнуцца да лекара / iStock

Разам з прыходам восені ў кагосьці можа прыкметна пагоршыцца настрой. Чалавек пастаянна адчувае сябе стомленым і пазбаўленым сіл, не радуе тое, што прыносіла задавальненне яшчэ пару месяцаў таму, а думкі пра будучыню самыя бязрадасныя. Калі гэта падобна да таго, што адчуваеце вы, то варта задумацца: ці няма ў вас сезоннай дэпрэсіі або, як гэтую хваробу называюць лекары, сезоннага афектыўнага расстройства (САР).   
 

"Увосень гэта нармальна"

Галоўная рыса сезоннага афектыўнага расстройства — тое, што пазначана ў яго назве: сезоннасць. У людзей з такім дыягназам "хандра" вяртаецца кожную восень і зіму, а ўвесну і летам праходзіць цалкам або канчаткова.

Захворванне сустракаецца ў 0,5–5% насельніцтва планеты, прычым чым паўночней жыве чалавек, тым больш шанцаў пакутаваць на САР. І так, гэта ўсё ж захворванне, а не "проста такі стан" — таму ставіцца да такой "восеньскай хандры" трэба сур'ёзна.


Сімптомы сезоннага афектыўнага расстройства

У цэлым праявы САР мы ўжо апісалі, аднак вось больш дакладны спіс. Калі ў вас нешта падобнае — ідзіце да лекара!

  • Пачуццё млявасці, прыгнечанасці і суму большую частку дня на працягу некалькіх тыдняў.
  • Страта цікавасці да дзейнасці. 
  • Адсутнасць энергіі.
  • Змена апетыту, часцей — жаданне есці больш вугляводаў; як вынік — павелічэнне вагі. 
  • Пагаршэнне канцэнтрацыі ўвагі.

Чаму ўзнікае расстройства?

Растлумачыць прычыну многіх ментальных расстройстваў, не толькі САР, спецыялістам бывае досыць складана. Альфрэд Леві, спецыяліст Арэгонскага ўніверсітэта і лекар, які ўдзельнічаў у першапачатковым вызначэнні расстройства, упэўнены, што рэч у рассінхранізацыі цыркадных рытмаў (біялагічнага гадзінніка) арганізма і часу няспання. 

Гэта называецца гіпотэзай фазавага зруху. Напрыклад, зімой вы ўстаяце ў той жа час, што і звычайна, але, у адрозненне ад вясны і лета, яшчэ цёмна. Арганізм праз гэта пачынае "збоіць" — і з'яўляецца сезонная дэпрэсія. 

Ёсць яшчэ гіпотэза фотаперыядызму: мяркуецца, што чалавек атрымлівае менш сонечнага святла — таму ў арганізме выпрацоўваецца шмат мелатаніну, лішак якога вядзе да дэпрэсіі. Падобнае ёсць і ў жывёл: зімой, у часе кароткага светлавога дня, некаторыя віды ўпадаюць у спячку (гібернацыю). Фактычна чалавек з САР таксама перажывае "гібернацыю": хоча менш рухацца, менш энергічны, набірае вагу. 

Аднак, па-за залежнасцю ад таго, якая з гіпотэз дакладная, сутнасць застаецца той самай: прычына — скарачэнне светлавога дня, а не нейкія іншыя "ўнутраныя збоі".     
 

Праз яго варта звяртацца да доктара?

Як і кожнае захворванне, сезоннае афектыўнае расстройства патрабуе ўвагі спецыяліста. І для дыягностыкі, і для лепшага лячэння трэба звяртацца да псіхатэрапеўта — яны ёсць у тым ліку ў дзяржаўных паліклініках, гэта значыць хадзіць да іх можна бясплатна. 

Стратэгіі лячэння вызначыць доктар. Раскажам вам пра тое, які ёсць кансэнсус у заходніх лекараў. 

Ёсць тры асноўныя тактыкі, яны могуць узаемадапаўняцца, але не выключаюць адна адну. Першая — прызначэнне антыдэпрэсантаў. Падыходзяць пры "сезоннай дэпрэсіі" не ўсе: напрыклад, у ЗША для гэтага ўхвалены толькі флуаксетын і бупрапіён. Першы знайсці можна з цяжкасцю, другі і зусім не зарэгістраваны ў Беларусі. У іншых краінах дапускаюцца і некаторыя іншыя, у тым ліку тыя, якія ёсць у нашай краіне. 

Другая стратэгія — праца з псіхолагам: калі вы прагаворваеце тое, што вас хвалюе, і карэктуеце паводзіны і ўспрыманне свету. Сюды могуць уваходзіць розныя практыкі: ад арт-тэрапіі да вядзення дзённіка.

Что такое сезонная депрессия — причины появления, методы лечения и симптомы
Святлотэрапія — адзін з даказаных метадаў барацьбы з сезоннай дэпрэсіяй. Толькі лямпы патрэбны спецыяльныя / New Yorker

Трэцяя стратэгія, якую ўсё часцей рэкамендуюць заходнія лекары, — гэта святлотэрапія. Вядома, звычайная лямпа для гэтага не падыдзе: трэба купіць спецыяльную, мінімум на 10 тысяч люкс, і атрымліваць асалоду ад яе святла мінімум паўгадзіны штораніцу. Такую лямпу для святлотэрапіі ў Беларусі знайсці можна — яна каштуе ад 100 долараў, добрыя — ад 150-200. 

У кожным разе канкрэтнае рашэнне прыме доктар, да якога вы пойдзеце, — слухайце ў першую чаргу яго, а не парады з інтэрнэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі