Беларускія экс-сілавікі адкрылі дэтэктыўнае агенцтва ў Варшаве

Аляксандр Азараў

Аляксандр Азараў

Былыя беларускія сілавікі і ўдзельнікі ініцыятывы BYPOL Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў заснавалі ў Варшаве дэтэктыўнае агенцтва "Рэкс". Кампанія была зарэгістраваная 24 сакавіка 2025 года, звярнула ўвагу выданне Reform.news.

Як вынікае з польскіх дакументаў у адкрытым доступе, Азараў з'яўляецца старшынёй праўлення. У праўленне таксама ўваходзяць Станіслаў Лупаносаў і Таццяна Азарава.

Прадпрыемства можа займацца дэтэктыўнымі і ахоўнымі паслугамі, продажам камп'ютараў і праграмнага забеспячэння, інфармацыйнымі паслугамі. Таксама ў сферу дзейнасці агенцтва "Рэкс" уваходзяць паслугі, звязанымі з кіна- і аўдыязапісамі, прыборкай будынкаў, арэндай абсталявання і тэхнікі, пракатам рэкрэацыйнага інвентара.

Аляксандр Азараў у Беларусі служыў у розных структурах МУС, у тым ліку ў ГУБАЗіКу, потым выкладаў у Акадэмііі МУС. У 2020 годзе пакінуў Беларусь і ўзначаліў аб'яднанне сілавікоў Беларусі BYPOL, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі. У чэрвені 2023-га ў арганізацыі адбыўся раскол: частка чальцоў стварыла структуру BELPOL, а Азараў застаўся кіраваць другой часткай, якая захавала ранейшую назву.

У траўні 2024-га падчас выбараў у Каардынацыйную раду Азараў скарыстаўся сваім становішчам і разаслаў агітацыю за свой выбарчы спіс падпісчыкам тэлеграм-бота "План Перамога". За гэтую рассылку спіс "Закон i правапарадак" быў адхілены ад выбараў у КР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.