"Балота" або "змена ўлады праз памылку" — эксперты пра сцэнары для Беларусі

Эксперты паспрабавалі спрагназаваць, што будзе з Беларуссю праз год / Ілюстрацыйнае фота "Радыё Свабода"​
Эксперты паспрабавалі спрагназаваць, што будзе з Беларуссю праз год / Ілюстрацыйнае фота "Радыё Свабода"​

Магчымыя чатыры сцэнары развіцця падзей у Беларусі, мяркуе група экспертаў з Беларусі, Германіі і Польшчы. 12 чалавек сабраліся і распрацавалі магчымыя варыянты развіцця падзей да канца 2022 года. Днямі гэтыя сцэнары прадставілі еўрадэпутатам, расказвае DW.

Эксперты ўлічвалі два асноўныя фактары — магчымасць дэмакратычнай трансфармацыі ўнутры дзяржапарату і ўзровень сацыяльнай мабілізацыі беларускага грамадства. Эксперты таксама дапусцілі, што на развіццё сітуацыі можа паўплываць так званы "чорны лебедзь", то бок нейкая непрагназавальная падзея. Такім "чорным лебедзем", да прыкладу, стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair.

Такім чынам, былі сфармуляваныя 4 магчымыя сцэнары:

  • "Стабільнае балота". Грамадства занураецца ў апатыю, палітычна актыўныя грамадзяне з'язджаюць за мяжу. А рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўмацоўвае свае пазіцыі, не дапускаючы расколу ў дзяржапараце і паміж элітамі.
  • "Акопная вайна". У гэтым выпадку Лукашэнка адмаўляецца ад ідэі канстытуцыйнага рэферэндуму. Замест гэтага зацвярджае новую Канстытуцыю праз парламент. Прэзідэнцкі тэрмін павялічваецца да 6 гадоў, а мінімальны ўзрост для абрання прэзідэнтам зніжаецца да 25 гадоў. Эксперты мяркуюць, што мэтай такой стратэгіі можа быць падрыхтоўка да перадачы ўлады малодшаму сыну Лукашэнкі — Мікалаю. Тут яны дапускаюць з'яўленне "чорнага лебедзя". Гэта можа адбыцца, калі, напрыклад, адзін з лідараў апазіцыі памрэ ў зняволенні. Такая падзея напэўна шакіруе грамадзянскую супольнасць, а ЕС адрэагуе новымі санкцыямі.
  • "Белазахстан". Гэты сцэнар прадугледжвае правядзенне рэферэндуму і пераход Лукашэнкі на пасаду кіраўніка Усебеларускага народнага сходу. Пры такім развіцці падзей эксперты дапускаюць, што ЕС можа пайсці на пагадненне з Лукашэнкам, каб вырашыць міграцыйны крызіс.
  • "Змена ўлады праз памылку". Калі канстытуцыйны рэферэндум з нейкіх прычынаў праваліцца, эксперты дапускаюць чысткі ў дзяржапараце. Гэтыя чысткі могуць раззлаваць чыноўнікаў і сілавікоў і справакаваць іх на арганізацыю перавароту.

Пры гэтым палітолагі падкрэсліваюць, што распрацаваныя сцэнары — гэта не дакладныя прагнозы.

"Пытанне не ў тым, наколькі рэалістычныя сцэнары. Ідэя была паказаць наяўныя тэндэнцыі і што пры ўмовах a, b або c можа адбыцца ў Беларусі цягам наступных 12 месяцаў", — патлумачыла адна з аўтараў сцэнараў, экспертка па Беларусі Германскага фонду Маршала ЗША Марына Рахлей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі