Пастар ліквідаванага судом "Новага жыцця" заклікаў вернікаў працягваць збірацца

Вячаслаў Ганчарэнка

Вячаслаў Ганчарэнка / Telegram

Пастар ліквідаванай судом мінскай царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка ў відэазвароце заклікаў вернікаў працягваць збірацца і маліцца разам. Ён падкрэсліў, што рашэнне аб ліквідацыі пачне дзейнічаць толькі праз 15 дзён, а калі абшчына будзе працягваць абскарджваць яго ў вышэйшых інстанцыях, увесь працэс можа заняць некалькі месяцаў.

Рашэнне аб ліквідацыі рэлігійнай абшчыны "Новае Жыццё" 17 кастрычніка прыняў Мінскі гарадскі суд (суддзя — Таццяна Дарашчонак). Падставай для гэтага стала тое, што асобныя яе інфармацыйныя рэсурсы былі прызнаныя ў РБ "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Іск падаў Мінгарвыканкам.

Змаганне з царквой "Новае жыццё" мінскія ўлады пачалі ў пачатку 2000-х. У 2005-м яе пазбавілі права карыстання зямельным участкам (раней ён быў атрыманы бестэрмінова), у 2009-м — права ўласнасці на будынак, які царква займае з 1990-х (вернікамі быў адрамантаваны былы занядбаны кароўнік). У 2020-м суд прыняў рашэнне пра вызваленне будынка да канца года. Узімку 2021-га вернікаў "Новага жыцця" прымусова выселілі з малітоўнага дома сілавікі. Пасля гэтага яны штонядзелю маліліся на вуліцы побач з былой царквой. Летам 2023-га ўлады знеслі будынак.

У жніўні аўтаматчыкі затрымалі пастара Ганчарэнку. Ён правёў за кратамі 10 сутак.

У 2020-м Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт з боку сілавікоў. У 2022-м ён публічна выступіў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі