Мінгарвыканкам падаў у суд іск аб ліквідацыі царквы "Новае жыццё"
Вернікі царквы "Новае жыццё" зімой маліліся каля адабранага будынка
Мінгарвыканкам падаў у суд іск аб ліквідацыі пратэстанцкай царквы "Новае жыццё". Адбылося гэта яшчэ ў сярэдзіне верасня. Пра гэта паведаміў у відэазвароце пастар Вячаслаў Ганчарэнка. Паводле яго слоў, улады ў дзейнасці царквы пабачылі "экстрэмісцкую дзейнасць", і абвінавачваюць яе ў парушэнні закона "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях".
Змаганне з царквой "Новае жыццё" мінскія ўлады пачалі ў пачатку 2000-х. У 2005-м яе пазбавілі права карыстання зямельным участкам (раней ён быў атрыманы бестэрмінова), у 2009-м — права ўласнасці на будынак, які царква займае з 1990-х (вернікамі быў адрамантаваны былы занядбаны кароўнік). У 2020-м суд прыняў рашэнне пра вызваленне будынка да канца года. Узімку 2021-га вернікаў "Новага жыцця" прымусова выселілі з малітоўнага дома сілавікі. Пасля гэтага яны штонядзелю маліліся на вуліцы побач з былой царквой. Летам 2023-га ўлады знеслі будынак.
У жніўні аўтаматчыкі затрымалі пастара Ганчарэнку. Ён правёў за кратамі 10 сутак.
У 2020-м Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт з боку сілавікоў. У 2022-м ён публічна выступіў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.